Падчас збору матэрыялу пра цагельні Пастаўшчыны неаднаразова даводзілася чуць пра кафельны завод, які працаваў у Леўкаве, недалёка ад Варапаева. У літаратурных крыніцах інфармацыі пра гэта амаль што няма. Але дзякуючы жыхарам вёскі Мышкі Андрэю Счаснаму і яго бабулі Вандзе Іванісавай (Казакевіч) удалося не толькі вызначыць дакладнае месцазнаходжанне завода, але і даведацца пра асаблівасці тэхналагічнага працэсу, а таксама атрымаць два фотаздымкі з тагачаснымі яго работнікамі.
Былы фальварак Леўкава знаходзіўся за тры кіламетры на паўднёвы ўсход ад Варапаева, каля вёскі Мышкі. Па гістарычных звестках, у міжваенны час у вёсцы дзейнічаў завод па вытворчасці кафлі даволі высокіх гатункаў. Пасля вайны ён аднавіў сваю дзейнасць і знаходзіўся ў падпарадкаванні Варапаеўскага дрэваапрацоўчага камбіната. Па словах Ванды Іванісавай, начальнікам вытворчасці спачатку быў Гваздзеўскі, пазней — Пяркоўскі. На тэрыторыі прадпрыемства меліся два будынкі: у адным выраблялі кафлю, у другім — стаўбункі (збанкі). У якасці сыравіны выкарыстоўвалі «сівую» гліну, якую здабывалі непадалёк і падвозілі на конях. Яна ляжала амаль на паверхні, дастаткова было толькі зняць глебу.
Нарыхтаваную гліну мясілі ў прыстасаванні накшталт бетонамяшалкі. Для кафлі рабілі спачатку круглую аснову, а потым прымацоўвалі ліцавы бок з малюнкам. Падсушаную кафлю абпальвалі ў печы карчамі, якія прывозіліся з Гаўрылавіч (там вялася нарыхтоўка торфу). Карчы былі вялікія, таму іх распілоўвалі на меншыя кавалкі, каб змяшчаліся ў печы. Ванда Іванісава пасля заканчэння сямі класаў год працавала «на карчах» разам са Стасем Кузьмічом.
Кафля была цёмна- або светла-карычневага колеру, глазураваная і неглазураваная (глазураваная каштавала ў два разы даражэй за неглазураваную).
У суседнім будынку была наладжана вытворчасць гліняных стаўбункоў пад малако, вазонаў і падвазонаў. Пасля службы ў войску сюды на працу ўладкаваўся старэйшы брат Ванды Мечыслаў Казакевіч разам з Іванам Ластоўскім. Стаўбункі выраблялі на ганчарным коле, які круцілі нагамі. Збаны ўнутры былі глазураваныя, а звонку толькі ў верхняй частцы мелася паліва.
Зразумела, што на прадпрыемстве, дзе амаль уся прадукцыя выраблялася ўручную, яе аб’ём быў невялікі, але яна карысталася попытам. Людзі куплялі яе на базарах або прыязджалі на завод. У многіх хатах у ваколіцах Варапаева печы былі змураваны з леўкаўскай кафлі. Малако, якое захоўвалася ў стаўбунках, вызначалася адметным смакам.
Сваю дзейнасць Леўкаўскі кафельны завод спыніў у 1969 годзе.
Ігар Пракаповіч
Спасибо за уточнение. Исправили)))
На фото неверно указано имя Гвоздевского, его звали Гвоздевский Казимир Валерьянович.