Саковіч Аляксандр Міраслававіч – дырэктар Пастаўскага філіяла абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблпаліва»
Нарадзіўся 20 чэрвеня 1963 года ў г. Паставы. Закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі па спецыяльнасці «Электрыфікацыя сельскай гаспадаркі». Уся працоўная біяграфія, за выключэннем чатырох гадоў, калі з’яўляўся страхавым агентам Пастаўскага аддзялення прадстаўніцтва Белдзяржстраху, звязана з энергетыкай. Працаваў галоўным энергетыкам Варапаеўскага завода жалезабетонных вырабаў, Пастаўскага кансервавага завода. З 2003-га па 2005-ы — інспектар Пастаўскай райінспекцыі Глыбоцкага міжраённага аддзялення «Віцебскэнерга», з 2005-га да лістапада 2020-га — начальнік гэтай інспекцыі. Са студзеня 2021 года — тэхнік-механік ААТ «Паставымэбля».
11 кастрычніка бягучага года загадам генеральнага дырэктара АУП «Віцебскаблпаліва» па ўзгадненні з Пастаўскім райвыканкамам назначаны дырэктарам Пастаўскага філіяла.
— Задача нашага калектыву, у якім 17 чалавек, — забяспечыць торфабрыкетам і дрывамі насельніцтва, а таксама арганізацыі і прадпрыемствы раёна, якія выкарыстоўваюць мясцовыя віды паліва, — гаварыў Аляксандр Саковіч. — І мы з ёй справімся. Праўда, ёсць і складанасці. Браслаўскі торфабрыкетны завод — на рэканструкцыі і не заключыў дагавор на пастаўку паліва. У жніўні—верасні яно ўвогуле не паступала ў філіял, з-за чаго ўтварылася чарга. Зараз вагонамі пастаўляюць Старобінскі, Сяргеевіцкі і Лідскі заводы. З-за некалькіх перагрузак шмат брыкету крышыцца, таму людзі наракаюць на яго якасць. Сёлета ў чарзе на торфабрыкет — 3,5 тысячы домаўладанняў. На 1 лістапада задаволена 2 835 заявак, на дровы — 1 023 (усяго заявак на бягучы год — 1 500). Фінансавы аддзел райвыканкама за 10 месяцаў цалкам разлічыўся з філіялам па датацыях за паліва за гэты перыяд.
Будзем паляпшаць умовы працы. Плануем устанавіць зборную павець , а ў ёй — транспарцёры, каб рабочыя пілавалі і шчапалі дровы не пад адкрытым небам. Яшчэ адна задача — забяспечыць іх спецвопраткай і абуткам.