За ўсё дзякуе Богу
Сёння пастаўчанка Часлава Пятроўна Маслоўская сустрэне сваё 90-годдзе.
Яна ўстала, як заўсёды, рана і пачала збірацца ў касцёл. «Колькі ўбораў! Калі і знашу?» — у каторы раз падумала, выбіраючы, у што апрануцца. Заўсёды мела прыгожыя рэчы, нават у тыя часы, калі ў краіне на ўсё быў дэфіцыт. Сваімі залатымі рукамі абшывала ўсю сям’ю. І не толькі. Да таленавітай швачкі ішлі пастаўскія модніцы. Нярэдка і па начах даводзілася шчыраваць дома над тэрміновымі заказамі.
А працавала Часлава ў швейным атэлье «Ваенгандлю».
— 33 гады ў адным калектыве, — успамінала той час. — Нават дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, яшчэ 5 гадоў працавала там. Мяне цанілі. Атрымлівала граматы, падзякі, грашовыя прэміі, мой фотаздымак вісеў на Дошцы гонару, а імя двойчы заносілі ў Кнігу славы прадпрыемства.
Яна з дзяцінства была руплівіцай. Расказвала, як дзяўчынкай пракос у пракос ішла з бацькам на касьбе, а з маці зграбала сена і грузіла ў воз. Калі бацькі сталі будаваць дом, і ў гэтым дапамагала ім — насіла пясок, мясіла гліну, габлявала дошкі. І вось у іх Навасёлках-1 арганізавалі калгас. Чаславу, зусім маладую дзяўчыну, прызначылі загадваць фермай. Маладога, актыўнага спецыяліста запрыкмеціў агент па нарыхтоўках малака і мяса Рыгор Маслоўскі. Пакахалі адно аднаго, стварылі сям’ю і пражылі ў каханні і згодзе 56 гадоў. На працягу амаль 30 з іх Рыгор Міхайлавіч працаваў начальнікам пажарнай часці. 12 гадоў таму яго не стала. Дзеці забралі б маці да сябе, ды хіба яна паедзе?
— Пакуль магу — нікуды са свайго дома, — казала мне. — Я яшчэ і ў пакоях прыбяру, і агароды, курачак дагледжу, і сваім садам, кветкамі пацешуся, і ў касцёл схаджу. А хто, акрамя мяне, наведаецца на магілы родных, запаліць свечкі, памоліцца за спачын іх душ? У бацькоў я была адна і родных не маю, але да мяне вельмі хінуцца мужавы пляменнікі. Валодзя Кугара возіць на сваёй машыне на могілкі, Таня Цітова і Валя Моціна (яны, да таго ж, мае хрэсніцы) купляюць прадукты, а то і без прычыны наведваюцца. Я нават сацработніцы не маю, бо яна мне не патрэбная.
Шчаслівыя тыя бацькі, у чыіх дзяцей шчасліва складваецца лёс. Пятроўна не проста радуецца, а ганарыцца сваімі дзецьмі, дзвюма ўнучкамі, трыма праўнукамі. Сын Мікалай — кандыдат гістарычных навук, палкоўнік у адстаўцы, выкладаў у ваеннай акадэміі. Зараз на пенсіі, жыве ў Маскве. Дачка Аня — дырэктар музея ў Навашыне Ніжагародскай вобласці. Нягледзячы на тое, што геаграфічна дзеці далёка, сэрцам і думкамі яны заўсёды разам з маці, а віртуальна, па скайпе, выходзяць на сувязь з ёй штодня. Пры кожнай магчымасці прыязджаюць, абуладкоўваюць дом. Напрыклад, памянялі вокны, дзверы, зрабілі рамонт.
— Дзякую Богу за сваё доўгае і шчаслівае жыццё, — гаварыла Часлава Пятроўна. — За ўдалых дзяцей і ўнучак, праўнукаў, клапатлівых пляменнікаў, добрых суседзяў. А што да юбілею, то адзначаць яго будзем у суботу ў рэстаране. Такі падарунак робяць мне сын і дачка, якія абавязкова прыедуць.
Фаіна Касаткіна