Жыццёва важна
У аддзеле па адукацыі райвыканкама пазаўчора прайшла дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні законапраектаў аб змяненні Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь і аб Усебеларускім народным сходзе. У ёй, акрамя супрацоўнікаў аддзела, прынялі ўдзел кіраўнікі ўсіх устаноў адукацыі раёна.
Адзін закон цесна звязаны з другім. Над іх праектамі працавалі найлепшыя юрысты і эксперты краіны. Але і думкі радавых грамадзян вельмі важныя. Пасля завяршэння абмеркавання іх прапановы будуць абагульнены і выкарыстаны пры падрыхтоўцы канчатковых рэдакцый законаў.
Вырашаць найважнейшыя для краіны пытанні на народным вечы — гэта беларуская традыцыя. А УНС якраз і з’яўляецца такім вечам. Трэба сказаць, што і ў мінулыя гады на народным сходзе разглядаліся многія сур’ёзныя пытанні. Але яго рашэнні насілі толькі рэкамендацыйны характар. У адпаведнасці з новым законам, УНС атрымае статус заканадаўчага органа.
Прадстаўнікі сферы адукацыі асабліва зацікаўленыя ў навацыях, паколькі будучыня краіны і грамадства — за іх учарашнімі і сённяшнімі выхаванцамі. Што яны і даносяць моладзі, заклікаюць яе быць не проста сведкамі гістарычных перамен, але і ў будучым актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці.
Фаіна Касаткіна
Фота Наталлі Налей