В ОАО «Рыбхоз «Новинки» не только выращивает рыбу, но и продаёт

Главное Сельское хозяйство

Не толькі вырасціць, але і прадаць

У панядзелак і аўторак ліў дождж і злосна рваў вецер. З-за гэтага я ўсё адкладвала паездку ў рыбгас «Навінкі» па рэпартаж пра «жніво» на блакітнай ніве. Думала: хіба магчыма ў такое надвор’е весці аблоў рыбы?

— Магчыма! Нягледзячы на непагоду, работа на нагульнай сажалцы не спынялася, — давёў мне дырэктар рыбгаса Аляксандр Ліхаманаў. — Даражым кожным днём, бо работы наперадзе яшчэ многа. Аблоў пачалі 1 верасня, а завяршыць яго плануем да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці — 20 лістапада. Сёння заканчваем на трэцяй сажалцы, а ўсяго іх сем. Плошча кожнай — ад 100 да 120 гектараў. Пры іх асушэнні для правядзення аблову ў раку Галбяіца скідваецца 12 мільёнаў кубаметраў вады. Пасля завяршэння аблову сажалкі ўсю зіму прамарожваюцца, а вясной зноў запаўняюцца вадой.

В ОАО "Рыбхоз "Новинки" не только выращивает рыбу, но и продаёт
Дырэктар рыбгаса Аляксандр Ліхаманаў (справа) з Дзмітрыем Спальвісам і Маяй Новікавай з аддзела збыту

Едзем з Аляксандрам Пятровічам да рыбаловаў. Неба яшчэ не ачысцілася ад цяжкіх хмар. Холадна, імжыць дробны дождж. Прывыкшы да цяпла і камфорту, пацепваюся, убачыўшы, як рабочыя ў гумовых касцюмах па пояс у вадзе вылоўліваюць сачкамі рыбу і грузяць яе ў кантэйнер. Потым кран падымае яго і выгружае ў машыну. А да гэтага рабочыя  падцягвалі сеткамі рыбу да камеры ля шлюза…

В ОАО "Рыбхоз "Новинки" не только выращивает рыбу, но и продаёт
30 гадоў працоўны стаж у рыбгасе ў вадзіцеля Рамана Пачкоўскага

— Умовы работы ў нас складаныя, часам нават экстрэмальныя, — каменціруе дырэктар. — У рыбгасе могуць працаваць толькі фізічна моцныя і вынослівыя лю­дзі, якія не баяцца цяжкасцей і любяць сваю справу. Наш калектыў зладжаны: талковыя спецыялісты, старанныя рабочыя. Многія з вялікім стажам, ёсць і маладыя. Больш за 20 гадоў працуе галоўны рыбавод Уладзімір Гузараў, немалы вопыт у майстра ўчастка Яўгенія Кісялёва, загадчыка сартавальнай базы Андрэя Брэскага. Касцяк сажалкавых рабочых — Аляксандр Жук, Аляксандр Шчогалеў, Генадзій Бервячонак, Алег Лалыка, Уладзімір Якімовіч і іншыя.

В ОАО "Рыбхоз "Новинки" не только выращивает рыбу, но и продаёт
Маладыя — на самым цяжкім участку

Для таго, каб вырасціць таварную рыбу, патрабуецца тры гады. І на працягу ўсяго гэтага часу бесперапынна ідзе работа на сажалках. За адно лета з ікрынкі вырастае сегалетак вагой не больш за 70 грамаў, за другое — да 250 і толькі на трэцяе можа дасягнуць 1 кілаграма і больш. Аднак не ўсё залежыць ад старання рыбаводаў — свае карэктывы ўносіць надвор’е. Вось і сёлетнія май і верасень былі халодныя, з-за чаго рыба дрэнна ела, а ў выніку слаба прыбывала ў вазе.

В ОАО "Рыбхоз "Новинки" не только выращивает рыбу, но и продаёт

В ОАО "Рыбхоз "Новинки" не только выращивает рыбу, но и продаёт
Андрэй Матошка

В ОАО "Рыбхоз "Новинки" не только выращивает рыбу, но и продаёт

Следам за загружанай карпам машынай накіроўваемся на сартавальную базу, праз якую кожны год праходзіць каля 900 тон рыбы. Тры гады назад праведзена яе рэканструкцыя. Акрамя загадчыка, тут працуюць усяго 6 чалавек: Святлана Каспяровіч, Таццяна Брэская, Таццяна Сыгула, Павел Забела, Алег Кавалёнак, Андрэй Матошка. Цяпер яны штодня сартуюць па відах і масавых групах — на сярэднюю, элітную і адборную — у сярэднім 20 тон рыбы. Нагрузка вялікая. Частка адсартаванай рыбы адпраўляецца ў зімавальныя сажалкі, астатняя загружаецца ў машыны на продаж.

В ОАО "Рыбхоз "Новинки" не только выращивает рыбу, но и продаёт
На сартавальнай базе

— Рэалізацыя прадукцыі для нас не менш важная, чым яе вырошчванне, — расказваў Аляксандр Ліхаманаў. — У гэтым напрамку напружана працуе аддзел збыту, які ўзначальвае Дзмітрый Спальвіс. Ён і Мая Новікава, Святлана Пушкіна абзвоньваюць гандлёвыя сеткі, знаходзяць новых кліентаў, прымаюць заяўкі, каардынуюць экіпажы, право­дзяць рэкламныя акцыі. Традыцыйна прадаём рыбу — а гэта не толькі карп, але і шчупак, амур, таўсталобік — па ўсёй Віцебскай вобласці: у Полацку, Наваполацку, Лепелі, Новалукомлі і іншых гарадах. Яе пастаўляюць 10 нашых машын. Прычым 3 экіпажы кожны тыдзень з аўторка па нядзелю абслугоўваюць абласны цэнтр. Наш фірменны гандаль — гэта жывыя грошы для прадпрыемства, якія выкарыстоўваем на пагашэнне крэдытаў, выплату зарплаты, бягучыя плацяжы. Рыбу прадаём амаль круглы год, не выязджаем толькі тады, калі тэмпература паветра апускаецца ніжэй за мінус 15 градусаў. Сёлета за 9 месяцаў рэалізавалі 386 тон. Да канца года плануем прадаць яшчэ 300 тон. Акрамя таварнай рыбы, карыстаецца попытам пасадачны матэрыял. Яго набываюць фермерскія гаспадаркі, гаспадары аграсядзіб.

В ОАО "Рыбхоз "Новинки" не только выращивает рыбу, но и продаёт

Заўтра многія гараджане, і не толькі, накіруюцца на рынак Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства па пакупкі, у тым ліку і па рыбу, якую кожную нядзелю прывозяць з Навінак. Стоячы ў чарзе за ёй, варта задумацца над тым, колькі сіл і сродкаў затрачана на яе вырошчванне, якой нялёгкай справай займаюцца гаспадары блакітнай нівы. Тады і цана на смачны і карысны прадукт не здасца высокай. Ды яна і сапраўды даступная.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.