Конкурс шліфуе майстэрства
З 12 па 14 кастрычніка на базе Глыбоцкага дзяржаўнага прафліцэя праходзіў абласны конкурс прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па кваліфікацыі «Трактарыст-машыніст сельгасвытворчасці». Навучэнец групы №227 2-га курса Пастаўскага дзяржкаледжа Мікалай Лазан заваяваў дыплом I ступені за камплектаванне ворнага машынна-трактарнага агрэгата і дыплом III ступені — за аўтаматычнае падрульванне.
Пасля таго, як канкурсант вярнуўся дадому, я пацікавілася ў яго, як удалося дасягнуць такога поспеху.
— Тэхнікай захапляюся з малых гадоў, — расказваў Мікалай. — Мая сям’я жыве ў Манькавічах. У нас ёсць уласны трактар. Першым настаўнікам быў бацька. Ён многаму мяне навучыў. Затым прыкладам для пераймання стаў старэйшы на 10 гадоў брат, які таксама закончыў Пастаўскі дзяржаўны каледж. І наша сястра водзіць машыну. Так што цяга да тэхнікі — гэта сямейнае.
У падрыхтоўцы да абласнога конкурсу хлопцу дапамагалі выкладчыкі Дзмітрый Мажэйка і Наталля Казлова, майстры вытворчага навучання Адам Кузміч і Аляксандр Грузд. Тэарэтычны тур уключаў пытанні па аграноміі, правілах дарожнага руху і эксплуатацыі тэхнікі, яе абслугоўванні і рамонце. Падчас практычнага выпрабавання трэба было прадэманстраваць майстэрства кіравання тэхнікай.
— Такія конкурсы не толькі правяраюць набытыя веды і навыкі, але і даюць магчымасць ацаніць свае сілы, падшліфаваць майстэрства, — працягваў Мікалай Лазан. — Пабываўшы на спаборніцтвах, многае зразумеў і ўлічыў. Сваімі ўражаннямі падзялюся з іншымі навучэнцамі. У першую чаргу з сябрам Уладзіславам Крупеніным. Мы разам вучымся і жывём у інтэрнаце. Нам з ім трэба было вырашыць, хто з нас сёлета паедзе на конкурс. Выбралі мяне, а на наступны год няхай паспрабуе Уладзіслаў.
Цяпер Мікалай Лазан і Уладзіслаў Крупенін на трактары з плугамі па чарзе ўздымаюць зябліва на ўчастку, які належыць падсобнай гаспадарцы каледжа. Гэта яшчэ адна магчымасць удасканаліць майстэрства.
Анна Анішкевіч