З «Маладзіцай» – беларуская песня
На розных мерапрыемствах, якія ладзяцца ў раёне, часта выступае народны ансамбль беларускай песні «Маладзіца». Гледача ён падкупляе выканальніцкім майстэрствам, віртуознасцю, ансамблевай зладжанасцю, высокім прафесіяналізмам.
20 гадоў таму рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за творчае развіццё нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень і актыўную канцэртную дзейнасць ансамблю было прысвоена званне «народны». Яго калектыў пацвярджае кожныя тры гады.
Сышліся аднадумцы
Першай у Навасёлкаўскую дзіцячую музычную школу ў 1983 годзе прыехала Алена Салавей. Дзяўчына з Чашнікаў трапіла сюды пасля заканчэння Наваполацкага музычнага вучылішча. Яшчэ з трыма выпускніцамі і старэйшымі калегамі абжывалі будынак, набывалі музычныя інструменты, набіралі навучэнцаў. Праз пэўны час, закончыўшы музычныя вучылішчы, у школу вярнуліся вучаніцы Алены Салавей — Ірына Счасная і Ірына Лешчык, а таксама выпускніца школы Алена Залатуская. Усе гарэлі абранай справай, музыкай, песняй. Часта разам спявалі. І тады ў 1997 годзе зарадзілася ідэя стварыць ансамбль. У яго ўвайшлі вышэйназваныя маладыя спецыялісты, а таксама Алена Шапель, Наталля Крывенька і Алена Салавей. Апошнюю аднагалосна выбралі кіраўніком. Яна грае на баяне, піша музыку. Першае выступленне адбылося ў мясцовым Цэнтры культуры, затым — на сцэне раённага Дома культуры. Слава пра малады ансамбль паплыла па раёне. Калектыў сталі запрашаць на святы на прадпрыемствы і ў арганізацыі. А пазней ён удастоіўся і ўдзелу ў Міжнародным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», неаднойчы станавіўся яго лаўрэатам і дыпламантам.
Цяпер у «Маладзіцы» 6 чалавек. Святлана Кулік, закончыўшы Хабараўскае музычнае вучылішча, па волі лёсу аказалася ў Паставах і прыйшла працаваць у Навасёлкаўскую дзіцячую музычную школу, замяніла ў ансамблі Наталлю Крывеньку, якая з’ехала ў Мінск. Упісалася ў калектыў і яшчэ адна выпускніца школы — Людміла Счасная.
У рэпертуары ансамбля толькі беларускія песні. Іх аранжыроўкай займаецца Алена Салавей. Музыку яна піша на вершы Ірыны Счаснай. Удваіх склалі гімн «Маладзіцы». Гучныя апладысменты звычайна бываюць пасля выканання аўтарскіх песень «Дробны дождж», «Чаму замуж не бяруць», «Вітаем вас!» і іншых. Ажыўленне ў зале выклікае Алена Залатуская са сваімі жартоўнымі прыпеўкамі. Музычнае суправаджэнне выступленняў забяспечваюць на клавішных Людміла Счасная, на баяне — Алена Салавей.
Творчасць ансамбля прасякнута вялікім жаданнем дарыць людзям прыгажосць і радасць зносін з беларускай музычнай культурай.
І кіраўнік, і дызайнер
Гледачы захапляюцца як выступленнем «Маладзіцы», так і касцюмамі артыстаў. І, напэўна, мала хто ведае, што іх аўтар — Алена Салавей. Першыя касцюмы ўдзельніцам ансамбля пашылі на заказ. Яны іх любілі і шмат гадоў у іх выступалі. А потым вырашылі, што трэба абнаўляць не толькі рэпертуар. Ранейшыя ўборы былі чырвонага колеру. На гэты раз сышліся на сінім, які сімвалізуе нашу сінявокую Беларусь. Алене Міхайлаўне ад мамы перадаліся здольнасці швачкі. Таму яна не стала нікога прасіць, а абдумала фасон, параілася з калегамі, зрабіла выкрайку і села за швейную машынку. Какошнікі ўпрыгожаны стразамі і васількамі, якія выклікаюць асаблівае замілаванне.
Праслаўлялі і за мяжой
На фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік» кожны год завязваецца шмат сяброўскіх сувязей. «Маладзіца» палюбілася замежным гасцям, і яе сталі запрашаць на розныя музычныя фэсты. Ансамбль ездзіў у Рэзекне (Латвія), Шырвінтас, Рокішкіс, Купішкіс (Літва), Курск (Расія). Геаграфію гастроляў абмежавала пандэмія COVID-19. Культурнае жыццё стала на паўзу: перасталі ладзіцца святы, канцэрты. І каб не сумаваць, развіваць талент, навасёлкаўскія артысты вырашылі ўдзельнічаць у розных анлайн-конкурсах, якія праводзіліся як у Беларусі, так і ў Расіі, Чэхіі і іншых замежных краінах. За два гады назбіралі стос дыпломаў I, II ступеняў, на многіх конкурсах былі ўдастоены Гран-пры. Музычныя анлайн-форумы сталі для артыстаў ледзь не адзінай магчымасцю не страціць форму, адчуць хваляванне перад адборам і смак перамогі.
Прафесійны ўзровень «Маладзіцы» расце з кожным годам, і яна прадаўжае радаваць гледача.
Анна Анішкевіч