Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Следующая остановка — деревня Голбея

Важное Общество

Крыху гісторыі

На ўказальніку пры ўез­дзе ў вёску значыцца: «Галбея». Але ўсе мае суразмоўцы называлі  яе «Голбія». Таму і ў тэксце захоўваю такую назву.

Шукаць звесткі пра вёску мне не давялося. У цэнтральнай раённай бібліятэцы ёсць кніжачка пастаўскіх краязнаўцаў Мікалая Арэха і Ігара Пракаповіча пад назвай «Гута — Голбія». У гісторыка-геаграфічным нарысе галбейскага краю чытаю наступнае: «Першым паселішчам, якое ўзнікла на беразе Галбейскага возера, была вёска Голбія. На радзівілаўскай карце 1613 года яна напісана пад назвай «Олбія», на карце Ашмянскага павета канца XVI стагоддзя, якая складзена на падставе гістарычных крыніц, — «Албея».

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Следующая остановка — деревня Голбея

Рака Голбіца згадваецца ў прывілеі вялікага князя Вітаўта Зяновію Братошычу пад 1414 годам, дзе пацвярджаліся правы магната на землі паміж Глыбокім і Паповічамі. Улічваючы тое, што каля возера і ракі знаходзіцца старажытнае паселішча і селішча, то відавочна, што першыя людзі тут пасяліліся вельмі даўно. Можна выказаць меркаванне, што ўжо на мяжы пры беразе возера пражывала сталае насельніцтва.

У сярэднявеччы Голбія была даволі значным па памерах і колькасці жыхароў населеным пунктам Ашмянскага павета. На карце 1800 года паказана, што ў вёсцы знаходзіўся храм. Аднак акружанасць забалочанымі лясамі і адсутнасць прыдатных земляў для вядзення сельскай гаспадаркі стрымлівалі развіццё гэтага паселішча.

У пачатку ХХ стагоддзя існаваў фальварак Галбея з 59 жыхарамі, які належаў К. Пшаздзецкаму, і вёска Голбія, у якой пражывала 140 чалавек (70 мужчын і 70 жанчын). З цягам часу колькасць людзей павялічвалася. «Пры Польшчы» ў 1923 годзе ў 30 дварах пражывала 168 вясковых жыхароў і 33 — у фальварку. Найбольшую ж колькасць насельніцтва вёска мела ў 1963 годзе — 247 чалавек. У канцы ХХ стагоддзя Голбія пачала драбнець. У 2001 годзе тут налічвалася 77 двароў,136 жыхароў».

Прыклад для іншых

Гледзячы на Наталлю і Іосіфа Дуброўскіх, цяжка паве­рыць у тое, што яны 31 год у шлюбе і ў іх дарослыя сын і дачка, якія ўжо стварылі свае сем’і. Але гэта так.

Мой муж вырас у мнага­дзетнай сям’і, у якой выхоўвалася 10 дзяцей, — дзялілася Наталля. — Вядома, жылі бедна. Калі мы пажаніліся, ён паставіў сабе за мэту, што нашы дзеці не зведаюць нястачы. Так і ёсць. Дачка закончыла медвучылішча і працуе медсястрой у мядзельскай бальніцы. Сын таксама ў Мядзеле, служыць у Дзяржаўтаінспекцыі.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Следующая остановка — деревня Голбея

У Дуброўскіх, бадай, самыя прыгожыя ў вёсцы дом і гаспадарчыя пабудовы. У доме таксама ўсё прыгожае і сучаснае.

Мы з Іосіфам жывём у гэтым доме з 2000 года, — працягвала расказваць Наталля. — А купіў яго тата за 300 долараў. Уяўляеце, што за будынак гэта быў? Усё сваімі рукамі перарабілі: абшылі сайдынгам, перакрылі дах, адрамантавалі ўнутры, узвялі гаспадарчыя пабудовы.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Следующая остановка — деревня Голбея

Іосіф — індывідуальны прадпрымальнік, Наталля загадвае гуцкім магазінам. Аднавяскоўцы выбралі яе старэйшынай вёскі.

Шмат дамоў пустуе, — шкадавала старэйшына. — Старыя гаспадары памерлі, маладыя з’ехалі ў гарады. Гэтага не здарылася б, калі б не спыніў сваю работу шклозавод «Гута». А так людзям няма дзе працаваць. Мясціны ж у нас цудоўныя: лес, возера, рака — раздолле для дачнікаў. Пастаянных жыхароў у Голбіі зараз крыху больш за 30. З вясны да восені насельніцтва прыбаўляецца: прыяз­джаюць дачнікі, адпускнікі. Тады вёска весялее…

З надзеяй на лепшае

Веры Фёдараўне Лытнёвай — 84. Яна — карэнная галбяйчанка. А замуж выйшла за ўкраінскага хлопца. Ён прыязджаў у камандзіроўку на шклозавод «Гута», дзе дзяўчына працавала. Пазнаёміліся і пакахалі адно аднаго. Ажаніўшыся, накіраваліся на радзіму мужа — у горад Лісічанск, дзе будаваўся шклозавод. Хутчэй за ўсё, там і засталіся б жыць, аднак з-за неспрыяльнай экалагічнай абстаноўкі (паблізу было некалькі прамысловых прадпрыемстваў са шкоднымі выкідамі ў атмасферу) у Веры стала здаваць здароўе. Прыехалі ў Голбію.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Следующая остановка — деревня Голбея

Пра гэта  мне расказаў сын Веры Фёдараўны Сяргей, які нарадзіўся ў Лісічанску, а вырас на матчынай радзіме. Тут жыве і зараз. Ужо 7 гадоў працуе рабочым па абслугоўванні будынкаў у Варапаеўскай раённай бальніцы. У адміністрацыі медустановы яго хваляць за стараннасць і дысцыплінаванасць. У вольны ад работы час Сяргей імкнецца зарабіць лішні рубель — збірае грыбы, ягады, ловіць рыбу. А яшчэ ён — адзіная апора маці, якая зусім не мае здароўя і можа рухацца па хаце толькі з дапамогай хадункоў.

Але так было не заўсёды. Сяргей не ўтойвае, што ў яго распалася сям’я, цяпер выплачвае аліменты на дзяцей. Кажа, што ажаніўся не на той жанчыне. Яна піла, ра­зам з ёй улёг у гарэлку і сам. Але змог узяцца за розум і спыніцца. Ужо 10 гадоў не ўжывае ні грама спіртнога.

— Зараз зусім па-іншаму стаўлюся да жыцця, — казаў ён. — Шкада, што бяздумна страціў шмат гадоў, не даў дзецям таго, што мог даць. Але ў будучыню гля­джу з надзеяй на лепшае.

Не хата – музей

Хто на Пастаўшчыне не ведае Аляксандра і Ганну Пачкоўскіх?! Самабытны сямейны дуэт выступаў на розных канцэртных пляцоўках па ўсім раёне, не раз удзельнічаў у Міжнародным фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік». Яго адорвалі апладысментамі гледачы ў суседніх раёнах, а таксама ў Полацку, Віцебску, Мінску. Уся сцяна дома Пачкоўскіх завешана граматамі і дыпломамі. У свой час нават сямейны ансамбль быў, у якім гралі іх дзеці і ўнукі. Ды выраслі, раз’ехаліся хто куды. Але любоў да музыкі засталася ва ўсіх.

Музыка і звязала Аляксандра і Ганну. Яна прыехала ў Гуту працаваць на комплексны прыёмны пункт, ён працаваў на шклозаво­дзе. Абое ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці. Там і прыглянуліся адно аднаму. Кватэра Пачкоўскіх у Гуце. Але больш часу яны праводзяць у бацькоўскім доме Аляксандра ў Голбіі.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Следующая остановка — деревня Голбея

Сюды мяне прывезлі, як нара­дзіўся, — гаварыў гаспадар. — Тут прывольна маёй душы, спорыцца вясковая праца. Раней трымалі карову, каня, свіней, курэй. Зараз толькі на агародах упраўляемся. Сёлета ў нас з’явіліся новыя суседзі: сямейная пара з сынам-падлеткам з Мінска купіла дом пад дачу. Адразу відаць, гаспадарлівыя. Усё лета працавалі як пчолкі. Навялі парадак у доме і ля яго, вырасцілі агародніну. Больш бы такіх лю­дзей прыязджала да нас! Пустых, прычым нядрэнных, дамоў у вёсцы шмат.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Следующая остановка — деревня Голбея

Вольным часам Аляксандр любіць узяць у рукі гармонік. Музычных інструментаў у хаце цэлая калекцыя: гармонікі, баяны, акардэоны, цымбалы, бубны, губныя гармонікі, розныя шумёлкі… А колькі іх раздарыў! Але не толькі на музычныя інструменты багатая хата. Зайшоўшы ў яе, вельмі ўразілася: дык тут цэлы этнаграфічны музей! Чаго толькі ў ім няма: калаўрот, ступа, начоўкі, нажніцы, прасы, бязмены, розныя куфры, гліняныя гаршкі і многае-многае іншае! А ў двары — вялікі драўляны агрэгат — даўнейшая зернеачышчальная машына.

Вашу хату-музей варта ўключыць у турыстычны маршрут па Пастаўшчыне, — абсалютна сур’ёзна кажу гаспадарам.

Можна! Мы любім, калі прыязджаюць госці. Тады ў нас чарка, скварка і гармонік, — весела адказалі яны.

Адзінокі, але не пакінуты

Зіновій Уладзіміравіч Дзевятоўскі — найстарэйшы жыхар Голбіі — сёлета яму пайшоў 95-ы. 11 гадоў таму не стала яго вернай спадарожніцы, разам з якой пражылі амаль шэсць дзесяцігоддзяў. Адзіная дачка Лена жыве з сям’ёй у Даўгаўпілсе. Яна забрала б да сябе бацьку, але той не хоча пакідаць сваю хату, вёску, ды і сумняваецца, што ў цяперашняй міжнароднай абстаноўцы гэта магчыма. А вось калі ў Беларусі прынялі рашэнне аб бязвізавым уездзе ў нашу краіну грама­дзян Літвы, Латвіі і Польшчы, Лена не прамінула скарыстацца такой магчымасцю і 5 разоў прыязджала сёлета да бацькі.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Следующая остановка — деревня Голбея

Увесь час я працаваў на чыгунцы. Ад дыстанцыі атрымаў у Гуце кватэру, — успамінаў старажыл. — А калі памёр цесць, мы з жонкай пераехалі ў гэту хату, якую некалі куплялі для яго. Здароўя не маю, даўно на другой групе інваліднасці, без падтрымкі не справіўся б. Але ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ў мяне ёсць добрая памочніца — Таццяна Пятроўская. Яна наведваецца кожны дзень, гатуе ежу, прыбірае, дапамагае ва ўсім, пра што папрашу. Атрымліваю добрую пенсію. Адным словам, наракаць няма на што. Хіба, толькі на гады…

Узорная сядзіба

Чым мяне найперш зацікавіла Голбія? Найпры­гажэйшай сядзібай, роў­най якой па аздабленні не даводзілася бачыць ні ў адной вёсцы раёна. Апісваць яе — дарэмная справа, усё трэба ба­чыць. Аднак, збіраючыся ў вёску, я ведала, што не застану дома гаспадароў сядзібы. Фёдар і Яўгенія Казароўцы паехалі ў Германію ў госці да яго стрыечнай сястры. Таму я напярэдадні пагаварыла з імі па тэлефоне і папрасіла да­слаць здымкі.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Следующая остановка — деревня Голбея

У Голбіі я нарадзіўся і ўвесь час жыву ў бацькоўскім доме, толькі многае ў ім перарабіў,— расказваў Фёдар Сафронавіч. — Мы з Жэняй заўсёды імкнуліся ствараць прыгажосць. А калі ў канцы 90-х пабывалі ў Германіі і ўбачылі, як там людзі абуладкоўваюць прыдамавыя тэрыторыі, яшчэ больш узахвоціліся. У 2000 годзе купілі і пасадзілі 25 маладзенькіх туй. Заплацілі за іх 100 долараў. На той час гэта былі немалыя грошы. Затым самі пачалі вырошч­ваць іх з семак. Зрабілі дэкаратыўны басейн, садзім шмат кветак.

Раз-пораз ля дома Казароўцаў спыняюцца машыны. Знаёмыя і незнаёмыя людзі выходзяць з іх, любуюцца прыгажосцю, фатаграфуюцца. Гаспадарам прыемна, што іх фантазію і працу заўважаюць і цэняць.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Следующая остановка — деревня Голбея

Не магу не сказаць і вось пра што. У ранейшыя гады наша газета неаднойчы пісала пра цеснае сяброўства варапаеўскіх школьнікаў з равеснікамі з рэальнай школы г. Герцагенаўрах, іх паездкі ў Германію і прыезд нямецкіх гасцей у Варапаева. Дык вось, завязаліся і падтрымліваліся сувязі дзякуючы стрыечнай сястры Фёдара Казароўца фрау Марга Ауэр, продкі якой з Беларусі і ў якой Казароўцы гасцююць у гэтыя дні.

Такое не забываецца

Не трэба мяне, старую, фатаграфаваць, — адмаўлялася Валянціна Вікенць­еўна Бурак. — Гэта ж не жартачкі — 84 стукнула! Сёння ў мяне якраз дзень нараджэння. Я — дзіця вайны». І з вялікім болем і слязамі на вачах стала расказваць пра перажытае:

Мне тады 5 гадоў было, усё памятаю. У Голбію наляцелі немцы і сталі паліць хаты. Людзей пагналі ў Варапаева. У нас была кабылка з жарабём. Тата запрог яе, паса­дзіў на воз малых вясковых дзяцей і павёз. У Варапаеве немцы сталі адбіраць людзей на адпраўку ў Германію. «Не паеду, лепш тут памру», — сказаў тата маме і бабулі, якая была разам з намі, і з іх дапамогай схаваўся ў вялікі стог саломы, што стаяў непадалёк. Тых, каго адабралі, пагналі ў таварняк, астатнім дазволілі разыходзіцца. Немец падышоў да стага саломы і некалькі разоў праткнуў яго штыком. Нейкім цудам штык не зачапіў тату: прайшоў з аднаго боку ля яго, потым — з другога.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Следующая остановка — деревня Голбея

Калі ўсе разышліся, тата вылез і лёг у воз. Мама з бабуляй накрылі яго саломай, а самі селі зверху. Толькі рушылі ў дарогу, як на чыгуначным пераездзе спынілі немцы. Мама са страху ажно лейцы з рук выпусціла. Знойдуць тату — усім нам смерць! На шчасце, ім патрэбны быў не наш воз, а жарабя, якое крочыла побач з кабылкай. Закінулі яму пятлю на шыю і пацягнулі. Напэўна, на мяса. А тата стаў задыхацца пад саломай і намі. Выехаўшы за Варапаева, ён выбраўся і сеў побач. Бабуля завязала яму сваю хустку, каб выглядаў, як жанчына…

Прыехалі ў Голбію — а там толькі дым курыцца ды папялішчы тлеюць. Накіраваліся ў Куніцкія, якія ўцалелі. Пераначавалі (людзей у хаце, як селядцоў у бочцы!), а назаўтра адправіліся ў Макаршчыну, дзе жылі два маміны браты. Нас забраў не багацейшы, а бедны, у сям’і якога было шасцёра дзяцей. Галадалі, жабравалі, дзяліліся апошнім. Такое не забываецца.

Не забываецца Валянціне Вікенцьеўне і яшчэ адно вялікае гора, якое напаткала яе 26 гадоў таму. Ад цяжкай хваробы ў 39-гадовым узросце памёр адзіны сын Міша, які быў урачом.

— Усе гэтыя гадочкі толькі з партрэта глядзіць ён на мяне, адзі­нокую, — гаварыла жанчына. — Ёсць унучка, трое праўнукаў, але ж яны ў Мінску, часта не наездзяцца. А мне ва ўсім дапамагаюць сацыяльны работнік Марына Абкаран і пляменнік Саша Казаровец. Доўга жыву, напэўна, і за сына. Кожны дзень малюся за спакой яго душы.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.