Ці стане сланечнік трэндам?
Сёлетнім летам поле пры дарозе з Пастаў на Лучай, засеянае сланечнікам, было любімым месцам для фотасесій. У сонечных кветках вышынёй да 2-3 метраў фатаграфаваліся і дарослыя, і дзеці, фота выкладвалі ў сацыяльных сетках. Восенню з’явіліся здымкі пачарнелага поля, і многія цікавіліся, які далейшы лёс сонечных кветак.
— Сланечнік пасеялі ўпершыню эксперыментальна крыху больш чым на 35 гектарах, — расказвала галоўны аграном сельгаспрадпрыемства «Навасёлкі-Лучай» Алена Касцюк. — Гэту культуру вырошчваюць у многіх рэгіёнах Беларусі. У тым ліку на Аршаншчыне. Захацелася паспрабаваць і нам.
Вытрымалі ўсю тэхналогію: унеслі неабходную колькасць удабрэнняў, своечасова пасеялі, апрацавалі супраць пустазелля і хвароб. Раслінкі дружна пайшлі ў рост, а калі зацвілі, то паварочвалі «галовы» да сонца, вабілі яркасцю. Суквецці сланечніка называюцца кошыкамі. Яны на навасёлкаўскім полі дасягалі 30 сантыметраў у дыяметры, запоўненыя шчыльнымі радамі семечак. У канцы жніўня сталі налівацца. А каб насенне хутчэй саспела, у гаспадарцы правялі дысікацыю — апырскалі пасевы спецыяльным прэпаратам, які раўнамерна падсушыў галоўкі і семкі.
У сярэдзіне кастрычніка пасля некалькіх сонечных дзён Віктар Рогаў выехаў на сланечнікавае поле. Працэс уборкі сланечніку падобны да ўборкі зерневых, толькі патрэбна спецыяльная жняярка. Механізатар прычапіў да камбайна тую, якой звычайна ўбіраюць кукурузу. Жняярка захоплівае сцябліны расліны, абмалочвае важкія кошыкі, і насенне паступае ў бункер. Затым яно выгружаецца ў прычэп аўтамабіля і дастаўляецца на зернесушылку.
— Культура не зусім прывычная для нашых шырот, — гаварыла Алена Касцюк. — І ў нас былі сумненні наконт яе паспявання. Але гарачае лета і дысікацыя паспрыялі яму. Сланечнік не баіцца засухі. Ураджайнасць атрымалі нядрэнную — да 30,1 цэнтнера з гектара. Намалацілі больш за 100 тон. Дажджы крыху перашкодзілі ўборцы ў аптымальныя тэрміны.
Ці пакаштуем сёлета алей навасёлкаўскай вытворчасці, пакуль не вядома. Насенне сланечніка (а яно ўтрымлівае да 20% бялку) будуць абавязкова дабаўляць у камбікорм.
Некалі на палях Беларусі рэдкасцю былі кукуруза, рапс. Цяпер гэтыя культуры вырошчваюць на вялікіх плошчах. Пра магчымасць наладзіць у Беларусі вытворчасць сланечнікавага алею гаварыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў жніўні падчас наведвання селекцыйна-насеннага комплексу Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па земляробстве. Магчыма, у бліжэйшы час сланечнік стане трэндам, удасканаляць яго перапрацоўку на харчовыя мэты — і ў нас будзе алей навасёлкаўскай вытворчасці.
Анна Анішкевіч