Музы жывуць у Парыжы
Маю на ўвазе не французскі, а наш, пастаўскі. А калі зусім канкрэтна — то Парыжскі сельскі Дом культуры. У гэтым пераканаліся не толькі мясцовыя жыхары. У мінулым месяцы сюды наведалася нават здымачная група тэлеканала «Беларусь 1» і падрыхтавала сюжэт для эфіру.
Вядучую праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!» Святлану Бароўскую так уразілі трапныя, запальныя, прасякнутыя гумарам прыпеўкі парыжанак, што яна не толькі азартна падтанцоўвала, але і папрасіла іх тэкст.
Гэта толькі адзін эпізод з жыцця ўстановы культуры, якой на працягу двух дзесяцігоддзяў загадвае Галіна Іваноўская. А ўсяго ў культуры яна амаль 35 гадоў. Падчас вучобы ў Полацкім швейным вучылішчы спявала ў народным хоры «Дубравушка», які выступаў нават на ВДНГ у Маскве і ў Зорным гарадку. Швачка і спявачка выдатна суіснавалі ў адной асобе. А ўрэшце Галіна пайшла працаваць у сельскі Дом культуры. Спачатку вяла тут дзіцячы гурток «Умелыя рукі». Завочна закончыла культасветвучылішча і ўзначаліла ўстанову. Рыхтуе ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці да выступленняў, розныя выставы, ставіць спектаклі з дзецьмі і дарослымі. І, вядома ж, сама спявае са сцэны. Чатыры разы ездзіла ў абласны цэнтр на конкурсы прыпевачнікаў, якія праводзяцца падчас «Славянскага базару ў Віцебску». Сёлета разам са старшынёй Казлоўшчынскага сельскага Савета Ірынай Кукоўскай удзельнічала ў абласным конкурсе народнай музыкі і прыпеўкі. Абедзьве адзначаны дыпломамі ў намінацыі «Найлепшыя прыпевачніцы».
Вялікі працоўны стаж на культурнай ніве — 30 гадоў — і ў Марыны Канчэўскай. Яшчэ вучаніцай яна грала ў знакамітым Груздаўскім цымбальным аркестры. Пасля заканчэння школы стала мастацкім кіраўніком Казлоўшчынскага СДК і завочна вучылася ў інстытуце культуры, праз некалькі гадоў — дырэктарам. У 2009 годзе ў выніку аптымізацыі СДК закрылі, і Марына перайшла ў Парыжскі. Як рэжысёр распрацоўвае сцэнарыі розных мерапрыемстваў, праводзіць іх з дзецьмі і дарослымі, з’яўляецца вядучай усіх канцэртных праграм, святаў вёсак.
А хіба можна ўявіць Дом культуры без акампаніятара? З гэтай роляй выдатна спраўляецца Міхаіл Іваноўскі. Ён іграе на гітары, іоніцы, добра спявае, адказвае за ўсю музычную апаратуру і святламузыку. Акрамя выканання абавязкаў акампаніятара, загадвае гаспадаркай СДК. Сваімі рукамі зрабіў тэнісны і раскладныя сталы, банкеткі, адрэстаўраваў більярдны стол і гардэроб, вырабляе дэкарацыі да спектакляў.
За чысцінёй і парадкам у Доме культуры сочыць Святлана Латышонак. У прыбіральшчыцы нямала работы, бо памяшканне вялікае, у ім мноства кветак. Святлана дапамагае афармляць сцэну, розныя выставы. Акрамя таго, удзельнічае ў сцэнках і пастаноўках, спявае на канцэртах.
У Доме культуры працуе 9 калектываў, з іх 4 — для дзяцей, а таксама жаночы клуб «Сяльчанка».
— Бясконца ўдзячна самым актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці, — гаварыла загадчыца СДК. — Гэта Ганна Ганчарова, Рыма Собалева, Алена і Андрэй Аўчыннікавы, Алена Бурак, Аляксей Сыгула, Святлана Латышонак, Ірына Кукоўская. Асобна хачу сказаць пра работу з дзецьмі. Ахвотна займаюцца творчасцю амаль усе вучні мясцовай школы. У ліку найбольш актыўных — Ілона Шымковіч, Аня Касаржэўская (яна яшчэ ходзіць у садок), Каця і Ліза Ласоўскія, Ліза Курнушка, Ксенія Яцэвіч, Аня Рабушка, Паша Грыбко, Назар Кабайла.
Парыжскі СДК па выніках мінулага года прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва сярод устаноў культуры.
Немагчыма пералічыць усе мерапрыемствы, якія рыхтуюць і праводзяць работнікі СДК, многія — сумесна з бібліятэкарам Тэрэзай Барташэвіч. Назаву некаторыя. Гэта тэатралізаваныя фальклорныя прадстаўленні, святы вёсак, канцэрты да дзяржаўных свят. Таксама ўдзельнічаюць у розных раённых конкурсах, аглядах, веснавых і восеньскіх кірмашах, нават у ралі рэтра-аўтамабіляў «Парыж—Нясвіж».
Адным словам, парыжскія культработнікі ўмеюць ствараць свята і дарыць яго гледачам. А заўтра — свята ў іх саміх. Віншуем! І не толькі парыжан, але і ўсіх іх калег па прафесіі, якія працуюць на Пастаўшчыне.
Фаіна Касаткіна