За плённую працу – ганаровая ўзнагарода
Навуковы супрацоўнік Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Аксана Журава прызнана найлепшым музейным работнікам Віцебскай вобласці
5 кастрычніка ў Віцебскім дзяржаўным музычным каледжы імя І. І. Салярцінскага адбылася ўрачыстасць, прымеркаваная да Дня работнікаў культуры. На ёй ушаноўвалі найлепшых работнікаў вобласці ў гэтай галіне — рэжысёраў, артыстаў, майстроў народных рамёстваў, кіраўнікоў устаноў культуры і іншых.
Узнагароды і прэміі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, упраўлення культуры аблвыканкама атрымалі амаль два дзясяткі чалавек. Сярод іх — Аксана Журава, якая ўдзельнічала ў абласным конкурсе сярод работнікаў культуры і перамагла ў намінацыі «Найлепшы музейны работнік».
У Пастаўскім раённым краязнаўчым музеі яна, педагог па адукацыі, працуе не так даўно — са студзеня 2020 года. Але і за такі непрацяглы час зарэкамендавала сябе як выдатны спецыяліст. Аксана Сяргееўна вядзе актыўную работу па ўвекавечанні памяці пра загінулых абаронцаў Айчыны, ахвяр войнаў. Распрацоўвае і праводзіць экскурсіі, арганізоўвае культурна-адукацыйныя мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці, сочыць за выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь па ахове і выкарыстанні гісторыка-культурнай спадчыны на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Усё гэта робіць максімальна адказна, не шкадуючы часу і сіл. Таму атрыманая ўзнагарода — справядлівая адзнака працы.
Іна Сняжкова