Працуюць з іскрынкай
Не сакрэт, што паспяховасць навучання дзяцей у школе ў многім залежыць ад таго, наколькі падрыхтаванымі яны прыйдуць у яе. А аснова гэтага закладваецца ў дзіцячым садку. Калектыў дзетсада №2 «Сонейка» выдатна спраўляецца з пастаўленай задачай.
Як і іншыя сады, другі гарадскі працуе па рэспубліканскай вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі і стараецца развіваць малых, даваць неабходныя веды ў цікавай для іх форме. Усе заняткі і мерапрыемствы праходзяць у выглядзе гульні, што дапамагае лепш засвойваць матэрыял. Гэтаму садзейнічаюць і дадатковыя адукацыйныя паслугі. У садку шмат розных гурткоў, і тое, што дзеці не вельмі добра засвоілі на занятках, дапрацоўваецца на іх.

— У нас маладыя, актыўныя, творчыя педагогі, — кажа загадчыца ўстановы адукацыі Вікторыя Галімская. — Усе вельмі стараюцца, працуюць з іскрынкай. Калі нешта даручаеш, выконваюць не фармальна, а з душой, імкнуцца як мага больш даць дзецям, самі з азартам падыходзяць да гэтага. Амаль кожная з дзяўчат — рукадзельніца, таму многае робіцца сваімі рукамі. І такога, што вы ўбачыце ў нашым садку, няма больш нідзе.
Другі год у «Сонейку» ажыццяўляецца праект «Удзячныя нашчадкі», які вядзе выхавальнік Людміла Рубан. Па словах загадчыцы, узяліся за яго, каб наблізіць дзяцей да нашых каранёў — гісторыі, традыцый беларускага народа. Цяпер у садку праводзяцца ўсе народныя святы, аформлена беларуская хатка, дзе прадстаўлены не толькі побыт продкаў, але і нацыянальная кухня. Тут у поўнай меры праявілася творчасць педагогаў: на накрытым стале на патэльні «астываюць» звязаныя кручком скваркі, у кацялку, здаецца, яшчэ дыміцца такім жа чынам зробленая бульба «ў мундзірах», побач — талерка са «спечанымі» аладкамі. Прыцягваюць увагу і лялькі-скруткі, самаробныя гліняныя цацкі.
— Кожны наш педагог унікальны, — зазначае Вікторыя Аляксандраўна. — Узяць, напрыклад, музычнага кіраўніка Эмілію Коскіну, якая вядзе харэаграфічны гурток «Праменьчыкі». Разам з дзеткамі яна ўдзельнічае ва ўсіх конкурсах, якія прапануюць. Летась яе работа была адзначана не толькі на раённым, але і на абласным узроўні. Займаюць прызавыя месцы ў конкурсах і выхаванцы Людмілы Рубан.
У апошні час калектыў другога дзетсада значна абнавіўся: хтосьці з педагогаў пайшоў у дэкрэтны водпуск, кагосьці перавялі ў школу, частка перайшла ў новы сад у 6 гарадку. Туды ж забралі кіраўніцтва «Сонейка». Таму пасаду яго загадчыцы Вікторыя Галімская займае няпоўныя 2 гады. Да гэтага, як і яе намеснік па асноўнай дзейнасці Жанна Падаксёнава, 26 гадоў адпрацавала выхавальнікам у дзіцячым садзе №5. Абедзве жанчыны вельмі актыўныя, адукаваныя, ідуць у нагу з часам, стараюцца ўкараняць у работу дашкольнай установы ўсё новае. Яны лёгка знайшлі агульную мову з падначаленымі, адчулі з іх боку вялікую падтрымку.
— Нам пашанцавала не толькі з педагогамі, але і з бацькамі дзяцей, — працягвае Вікторыя Галімская. — Сёлета садку спаўняецца 50 гадоў, а ён яркі, прыгожы. І гэта, канешне ж, не без удзелу бацькоў. Яны аказваюць вялікую дапамогу ў правядзенні рамонтаў, вырабе касцюмаў, за што мы вельмі ўдзячныя.
Алена Шапавалава