Дом, напоўнены клопатам і міласэрнасцю
У фальварку Ясневічы, які ў свой час належаў розным уладальнікам, пасля Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся дзіцячы дом, затым — дом для састарэлых грамадзян. 25 жніўня 1957 года рашэннем Маладзечанскага абласнога Савета дэпутатаў быў створаны Дунілавіцкі дом-інтэрнат. Сёлета ўстанова адзначыла 65-годдзе. Урачыстасці адбыліся напярэдадні Дня пажылых людзей.
Юбілей сабраў гасцей
З гэтай нагоды сюды завіталі намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вера Астапенка, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, начальнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская і ўпраўлення па працы, занятасці і сацабароне Наталля Седзюкевіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая, настаяцель варапаеўскай царквы протаіерэй Георгій Лакотка, пробашч дунілавіцкага касцёла ксёндз Андрэй і іншыя госці. Дырэктар дома-інтэрната Алег Дарафееў спачатку правёў экскурсію па ўстанове. А затым яе работнікі, якія былі не на змене, ветэраны, жыхары Дунілавіч сабраліся ў мясцовым Доме культуры на ўрачысты сход і святочны канцэрт, які падрыхтаваў ансамбль «Маладзіца».
Госці звярнуліся да прысутных са словамі прывітання і падарункамі. Вера Астапенка ўручыла Ганаровую грамату камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама медыцынскай сястры Наталлі Казловіч, Падзяку старшыні камітэта — санітару Уладзіміру Пазняку, перадала падарунак для былога дырэктара Паўла Паўловіча, а самой установе падарыла сертыфікат на 1 000 рублёў. Сертыфікат на 1 500 рублёў уручыў Алегу Дарафееву Пётр Курто, а ўзнагароды ад райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў — загадчыцы склада Леакадзіі Ясінскай, санітару Уладзіміру Казловічу, спецыялісту па кадрах Ірыне Шкорнік.

Даўнія шэфскія сувязі звязваюць дом-інтэрнат і ААТ «Навасёлкі-Лучай». Пастаяльцы дапамагаюць прадпрыемству ў выкананні розных сельгасработ. За гэта намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі Славамір Шапель падарыў на юбілей сертыфікат на 1 000 рублёў. А яшчэ гаспадарка выдзеліла інтэрнату 10 тон бульбы.
Асаблівыя словы ўдзячнасці госці адрасавалі ветэранам. Алег Дарафееў назваў каля 40 прозвішчаў былых работнікаў, якія не шкадавалі ні сіл, ні часу, ні чуласці, каб ахінуць дабрынёй, любоўю і клопатам абяздоленых людзей, пакінулі частку свайго сэрца ў доме-інтэрнаце. Ветэраны атрымалі салодкія падарункі і кветкі. Пасля мерапрыемства ў іх была магчымасць пасядзець за святочным сталом, успомніць мінулае. У панядзелак мне патэлефанавала Таццяна Сеганкевіч і папрасіла ад імя ўсіх ветэранаў падзякаваць праз газету адміністрацыі ўстановы за ўвагу не толькі з нагоды юбілею, але і пастаянна.
З гісторыі
З 1957 па 1959 год у доме інвалідаў у Ясневічах пражывала 76 чалавек. З часам колькасць пастаяльцаў павялічвалася, будаваліся драўляныя жылыя карпусы, з’явіліся лазнева-пральны блок і харчблок, лячэбна-працоўныя майстэрні і іншае.
За гады журналісцкай работы мне давялося пісаць пра розныя арганізацыі. Успамінаю, як у 90-х першы раз прыехала ў Ясневічы. Дом-інтэрнат для псіханеўралагічна хворых тады размяшчаўся ў некалькіх драўляных будынках, без элементарных выгод. Уразілі чысціня і парадак, а яшчэ — міласэрныя адносіны персаналу да падапечных. У кожнага з тых, хто тут пражывае, свой лёс, свая гісторыя і свой дыягназ. Дзяржава ўзяла на сябе клопат пра такіх людзей і робіць усё для таго, каб падтрымліваць якасць іх жыцця.
У 2005 годзе экспертная камісія па абследаванні будынкаў зрабіла заключэнне, што два жылыя корпусы з’яўляюцца непрыгоднымі для эксплуатацыі. Адбылося скарачэнне штату работнікаў і колькасці пражываючых. Праз пэўны час абласны камітэт па працы, занятасці і сацабароне пачаў хадайнічаць перад Міністэрствам працы і сацабароны Рэспублікі Беларусь аб выдзяленні сродкаў на рэканструкцыю дома-інтэрната. У выніку ў красавіку 2011 года будаўнікі прыступілі да ўзвядзення жылога корпуса, праз год — медыцынскага блока. У канцы 2013 года трохпавярховы будынак арыгінальнай архітэктуры быў здадзены ў эксплуатацыю.
За час існавання ўстановы яе ўзначальвалі Іван Лебедзеў, Фёдар Воранаў, Валянцін і Алена Селязнёвы, Павел Паўловіч, Людміла Сіўцэвіч. З сакавіка мінулага года — Алег Дарафееў.
Утульна і камфортна
Сёння ў доме-інтэрнаце пражывае больш за 200 падапечных рознага ўзросту. Усе яны прызнаны недзеяздольнымі з-за псіхічных адхіленняў. Адміністрацыйна-кіраўніцкі, медыцынскі, гаспадарча-абслуговы персанал складае 139 чалавек. Яны забяспечваюць патрэбныя бытавыя ўмовы, стараюцца, каб абстаноўка тут была максімальна набліжана да дамашняй. У пакоях жывуць па 2-4 чалавекі. Да іх паслуг шматлікія медыцынскія кабінеты: лячэбнай фізкультуры, масажны, працэдурны — і адпаведныя спецыялісты. З мэтай павышэння якасці лячэння старшы медперсанал цесна супрацоўнічае як з раённымі, так і з абласнымі ўстановамі аховы здароўя. Пытаннямі рэабілітацыі, падтрымання псіхаэмацыянальнага стану пастаяльцаў займаюцца псіхолаг, інструктар па працоўнай тэрапіі, культарганізатар, спецыяліст па сацыяльнай рабоце.
З 2019 года па цяперашні час установа працуе ў рэжыме строгага выканання санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, звязаных з каранавіруснай інфекцыяй. Дзякуючы гэтаму ні адзін з падапечных не захварэў на COVID-19. А смяротнасць за апошнія два гады знізілася на некалькі чалавек.
Жыццё ў доме-інтэрнаце не стаіць на месцы. З 2017 года тут дзейнічае цэнтр навучання і развіцця. У ім адны з дапамогай настаўнікаў успамінаюць некалі набытыя навыкі па чытанні, веды па матэматыцы, іншыя вучацца гэтаму з нуля. Да паслуг навучэнцаў усе неабходныя кніжкі і прылады. Ёсць нават інтэрактыўная дошка, камп’ютары.
Сёлетнім летам пры спонсарскай дапамозе пасольства Германіі ў Мінску на тэрыторыі дома-інтэрната ўстаноўлены навес з вулічнымі трэнажорамі, якія вельмі падабаюцца пастаяльцам. Для рэабілітацыі выкарыстоўваюцца таксама сцежка для скандынаўскай хадзьбы, валейбольная пляцоўка.
Працуе шмат гурткоў па інтарэсах. Сцены дома-інтэрната ўпрыгожваюць шматлікія карціны, аплікацыі, вырабленыя пастаяльцамі. Многія з іх любяць шыць. Пашытая пасцельная бялізна, рабочыя рукавіцы рэалізуюцца, што прыносіць даход інтэрнату. Займаюцца пастаяльцы алмазнай мазаікай, вырабляюць кармушкі для птушак, шпакоўні, даглядаюць пакаёвыя кветкі.
Уласная падушка бяспекі
У карыстанні дома-інтэрната 73 гектары сельгасугоддзяў, 46 з іх — ворыўныя землі. У цяпліцах і адкрытым грунце тут вырошчваюць усе віды агародніны і поўнасцю ёй сябе забяспечваюць. На зіму засалілі 2,7 тоны агуркоў, 800 кілаграмаў памідораў, пачалі квасіць капусту і саліць моркву. З дапамогай тэхнікі ААТ «Навасёлкі-Лучай» назапасілі сена для 25 цялят і 10 кароў. 80 літраў малака штодня пакідаюць на патрэбы пастаяльцаў, лішкі прадаюць дзяржаве. І ад гэтага кожны месяц атрымліваюць больш за 1 000 рублёў выручкі. Падсобная гаспадарка — своеасаблівая падушка бяспекі.
Вяртаюць да паўнацэннага жыцця
Некаторых з тых, хто прайшоў курс рэабілітацыі, аднаўляюць у дзеяздольнасці. Каб гэта адбылося, максімум намаганняў прыкладаюць работнікі дома-інтэрната. Кандыдатаў на аднаўленне яны вучаць самастойнасці. Для гэтага ёсць аддзяленне суправаджальнага пражывання. У вучэбна-трэніровачнай кватэры пражываюць 3 жанчыны і 2 мужчыны. Пад наглядам спецыялістаў яны гатуюць сабе ежу, карыстаюцца пральнай машынай, плануюць пакупкі і бюджэт. У мінулым годзе адна жанчына адноўлена ў дзеяздольнасці, і цяпер яна жыве самастойна ў Дунілавічах, працуе ў доме-інтэрнаце.
…У пятніцу стаяла цёплае сонечнае надвор’е. Пастаяльцы дома-інтэрната праводзілі час на тэрыторыі ўстановы: адны рабілі фіззарадку, другія практыкаваліся на трэнажорах, трэція любаваліся фарбамі восені. А работнікі пільна сачылі за імі калі бачылі, што ў чалавека псаваўся настрой, падыходзілі, гутарылі, супакойвалі. І гармонія вярталася зноў.
Анна Анішкевіч