За справай – прафесіяналы
Вы даўно ехалі па дарозе са Свіран на Рудашаны? А з Дварчан на Вярэнькі? Першая нядаўна «апранулася» ў асфальт. Работамі там кіраваў прараб філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132» Павел Станкевіч. Другая, гравійная, амаль да Рубяжа абнавілася свежай падсыпкай, пашырэла і пасвятлела. У гэтыя дні на ёй працуе брыгада пад кіраўніцтвам майстра Дзмітрыя Смятанкі.
Першым на гэтым участку сустрэла машыніста экскаватара Станіслава Шушкевіча. На Volvo ён ачышчаў ад хмызняку і пнёў кювет, пад пэўным градусам рабіў планіроўку абочыны дарогі. У ДРБУ-132 Станіслаў — з 2008 года. Пачынаў працаваць з фрэзай, якой знімаў стары слой асфальту. Затым на пэўны час перасеў на трактар. Пазней кіраўніцтва накіравала маладога механізатара на курсы экскаватаршчыкаў, пасля заканчэння якіх быў гаспадаром гусенічнага Kamatsu. У мінулым годзе прадпрыемства набыло новы Volvo і даверыла яго Шушкевічу. Трэба бачыць, як віртуозна кіруе ім прафесіянал!
Машыніст аўтагрэйдара Рычард Радзюш у ДРБУ-132 — 18 гадоў. Не злічыць, колькі кіламетраў дарог за гэты час ён прагрэйдзіраваў. А яшчэ бездакорна выконвае прафіліроўку дарожнага палатна, планіроўку адкосаў, расчыстку водаадводаў. Пры неабходнасці можа працаваць і на аўтапагрузчыку, катку, трактары — аднолькава ўмела кіруе любой тэхнікай. Па выніках работы за мінулы год Рычард Радзюш удастоены ганаровага звання «Чалавек года Пастаўшчыны».
Хапае спраў дарожным рабочым Славаміру Казімірскаму і Андрэю Канчаніну. Андрэй — прафесійны вальшчык лесу, але выдатна выконвае іншыя работы: абразае кароны дрэў, спрытна працуе з бензарэзам, шліфавальнай машынай.
Перспектыўны спецыяліст — майстар Дзмітрый Смятанка. У ДРБУ-132 прыйшоў пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа. Цяпер вучыцца на 6-м курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Умела кіруе работамі, знаходзіць падыход да кожнага падначаленага.
Напярэдадні прафесійнага свята я пабывала толькі на адным участку, дзе працавалі работнікі філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132». А яшчэ людзі прадпрыемства ў гэтыя дні вядуць бягучы рамонт дарог на Сарокі, Палессе, абуладкоўваюць дзве сянажныя траншэі каля фермы ў Буцавічах ААТ «Камайскі-агра», завяршаюць работы на новым зернесушыльным комплексе ў ААТ «Навасёлкі-Лучай».
Анна Анішкевіч