Праца трымае
Пазнаёміцца з 87-гадовай жыхаркай райцэнтра Янінай Мацвеевай мне прапанавала сацыяльны работнік Алена Камель, якая яе абслугоўвае.
— Не перастаю хваліць Казіміраўну, — гаварыла яна. — Вялікая працаўніца! Вы толькі паглядзіце на яе агарод — ні травінкі! Прычым упраўляецца адна. А які душэўны чалавек!
Я прыйшла да жанчыны, калі ўвесь ураджай ужо быў убраны і спарадкаваны, а глеба — ускапана і забаранавана. Але як! Ніводнага камячка ці бугарка, усё роўненька, нібы пад лінейку. Не кажучы ўжо пра тое, каб дзе-небудзь засталася якая травіна.
— Хоць здароўя не маю, не магу сядзець без справы, — прызналася гаспадыня. — Мне абавязкова трэба чым-небудзь займацца. Бяру лапату, граблі, матычку — і ў агарод. Паціху, адпачываючы, параблю ўсё. Мне гэта ў радасць. Бульбу сёлета прарасціла і пасадзіла 3 красавіка. Вырасла добрая, і іншая агародніна ўрадзіла. А колькі мне адной трэба?!
5 гадоў таму Яніна Казіміраўна аўдавела. «Паглядзіце, які прыгожы быў мой Афанасій, — паказвае мне яго фотакартку. — Як арол! Але як захварэў у 26 гадоў, так усё жыццё і быў на групе. Дзяцей мы не мелі, а для яго нічога не шкадавала. Лячыўся ў бальніцах, ездзіў па санаторыях. А я — з касой, віламі, сякерай. Трымалі гаспадарку. Да апошніх дзён дагледзела мужаву маці і яго бязногага брата. Ужо няма ў жывых і маіх братоў і сясцёр (нас у бацькоў было васьмёра). Але сяду маліцца — здаецца, усе побач».
Акрамя сямейных фотаздымкаў, Казіміраўна паказала мне стос сваіх грамат. Яе працоўны стаж — 43 гады. 16-гадовай дзяўчынай пачынала рабочай ільнозавода. 35 гадоў адпрацавала санітаркай у псіхіятрычнай бальніцы. А калі яе закрылі, перайшла ў цэнтральную раённую.
Падчас нашай размовы сацработніца прынесла з магазіна прадукты.
— Прывыкла я да Леначкі, — заіскрыліся радасцю вочы Казіміраўны. — Ва ўсім дапамагае. Але ж і мне самой так хочацца штосьці рабіць! Вось і сёння зранку ўжо дробна пашчапала паленцы на растопку. У хаце — печкі, і лазню кожную суботу цеплю.
Яніна Казіміраўна шмат расказвала пра сваё жыццё, у якім было нямала гора. Але не з крыўдай на лёс, а з нейкай светлай пакорай. І пра сваіх суседзяў, знаёмых гаварыла толькі з удзячнасцю: «Дзякаваць Богу, сярод добрых людзей жыву».
А дабрыня з яе самой і пачынаецца…
Фаіна Касаткіна