Падрыхтуемся да зімы
У адпаведнасці з распараджэннем старшыні райвыканкама, 17 кастрычніка стартуе месячнік па санітарнай ачыстцы і добраўпарадкаванні горада і населеных пунктаў раёна з мэтай падрыхтоўкі да зімы.
У яго рамках трэба прывесці ў парадак тэрыторыі, прылеглыя да прадпрыемстваў і арганізацый усіх форм уласнасці, і замацаваныя за імі вуліцы. Асаблівую ўвагу ўдзяліць ліквідацыі звалак, рамонту прыпынкаў грамадскага транспарту, прывядзенню ў належны стан кантэйнерных пляцовак для збору цвёрдых бытавых і буйнагабарытных адходаў, смецця. У парках, скверах, уздоўж гарадскіх вуліц арганізаваць збор апалага лісця, высечку хмызняку, падрамантаваць агароджы, малыя архітэктурныя формы, дзіцячыя пляцоўкі. У гэты перыяд будуць таксама праводзіцца работы па азеляненні мікрараёнаў.
Месячнік па добраўпарадкаванні ў раёне праводзіцца два разы на год: вясной і восенню. І ўдзельнічаць у ім абавязаны не толькі работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, навучэнцы школ і каледжа, але і іншыя жыхары Пастаўшчыны.
Як часта можна ўбачыць засмечаныя тэрыторыі каля шматпавярховак, дзе накідана розных абгортак ад цукерак, чыпсаў! У сметніцы запхнуты пакеты з бытавымі адходамі, побач валяюцца бутэлькі ад піва. За кожным нядобрасумленным жыхаром не замацуеш дворніка. У сваім двары за парадкам трэба сачыць самім. Каля многіх пад’ездаў на клумбах усё лета цвілі кветкі, а на некаторых — расло пустазелле. Рознае можна назіраць і ў вёсках. Прыгажосць каля дома сведчыць пра дбайнасць яго гаспадара.
У адпаведнасці з Палажэннем аб вызначэнні размераў тэрыторыі зямлі агульнага карыстання населеных пунктаў для выканання работ па падтрыманні на іх належнага санітарнага стану, грамадзяне абавязаны наводзіць парадак ад граніцы зямельнага ўчастка да тратуара або да граніцы праезнай часткі вуліцы ці дарогі, а па астатнія бакі зямельнага ўчастка — 10 метраў або палова адлегласці разрыву да суседняга зямельнага ўчастка. Для зямельных участкаў, выдзеленых для абслугоўвання індывідуальных гаражоў (гаспадарчых пабудоў), размешчаных на дваровых тэрыторыях шматкватэрных жылых дамоў, — не больш за 5 метраў па перыметры зямельнага ўчастка.
За невыкананне правіл добраўпарадкавання, у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжаны штраф: у размеры да 25 базавых велічынь — для грамадзян, ад 10 да 50 БВ — для індывідуальных прадпрымальнікаў, ад 20 да 100 БВ — для юрыдычных асоб.
Анна Анішкевіч