Не для кароў садзілі агароды
У мінулую пятніцу ў рэдакцыю пазваніла дачніца з Русін і абуралася, што ноччу каровы ААТ «Сцяг Перамогі-агра» знішчылі агародніну ў вёсцы. Прасіла, каб прыехаў карэспандэнт.
Просьба чытачоў — закон для журналістаў. І вось я ў Русінах. Першым сустракаю Алега Кішко. Ідзём на яго ўчастак за хатай. Бачу здратаваную капытамі глебу, густа «замініраваную» каровінымі лепяхамі. Назваць гэта градкамі пасля нашэсця рагуль не паварочваецца язык.
— Тут расла капуста, кветкі, галінкі яблынь гнуліся пад цяжарам пладоў, — расказвае гаспадар і, уздыхаючы, дадае: — Усё з’едзена. Асабліва крыўдна, што такая карціна ўжо другую восень. Тое ж самае адбылося летась, але высноў у гаспадарцы не зрабілі.
Інвалід па зроку Наталля Татарчук таксама ўспамінала мінулагодняе нашэсце. Кажа, што толькі дзякуючы прысутнасці сястры сёлета каровы не змаглі ўварвацца ў агарод. Катэгарычна заяўляе: «Калі не ўмеюць даглядаць жывёлу, няхай здаюць яе на мясакамбінат. Не для кароў мы садзім агароды!»
У пастаўчаніна Валянціна Мілто бацькоўскі дом у Русінах, і тут ён знаходзіцца больш часу, чым у горадзе. Разам з жонкай працуюць на зямлі, вырошчваюць агародніну. Нядрэнна яна ўрадзіла і сёлета.
— А паглядзіце, што засталося: адна назва ад капусты, рэдзькі, цыбулі на пяро, перцу… А вось кроп, кабачкі і памідоры не з’елі. Відаць, не любяць, але ж усё здратавалі.
— Як жа я напалохалася, калі познім вечарам наш сабака зайшоўся брэхам, а з вуліцы данёсся незразумелы моцны гул! — далучаецца да размовы Святлана Смятанка. — Гэта несліся каровы. Некалькі завярнулі ў наш двор. «Частаваліся» грушамі, кукурузай, церліся аб сцяну дома. Пашкодзілі вентылятар ахаладжэння і ахоўны кажух рухавіка бетонамяшалкі, звярнулі бакавое люстэрка на машыне. У суседкі змясілі ўвесь агарод.
Парваўшы дрот электрапастуха, першы набег на вёску каровы здзейснілі ў 6 раніцы. Тады пастух Іван Талстаброў, некалькі вяскоўцаў і міліцыянер змаглі адагнаць іх. Потым уварваліся днём і ў трэці раз — вечарам, цэлую ноч «пасвіліся» па садах ды агародах.
Пакуль я размаўляла з пацярпелымі, пад’ехалі дырэктар ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Ігар Маслоўскі, в.а. галоўнага заатэхніка Таццяна Гродзь, спецыяліст па кадрах Таццяна Чарняўская.
— Як магло такое здарыцца? — звяртаюся да дырэктара сельгаспрадпрыемства.
— З-за безадказнасці кадраў — адказвае Ігар Іосіфавіч. — Іх у жывёлагадоўлі катастрафічна не хапае. — Вось і пастух Арцём Новік, на змене якога адбылася патрава, — абавязаная асоба. Да сваіх абавязкаў ставіцца абыякава, парушае працоўную дысцыпліну.
А ў Арцёма свае прэтэнзіі да кіраўніцтва і спецыялістаў. Пераходзячы на крык, даводзіў: «Як можна ўтрымаць жывёлу, калі ўвесь дрот электрапастуха ў вузлах, а на клетку з 35 галоў акумулятар у 6 вольт? Пастухам не выдадзены спецадзенне, абутак, ліхтарыкі, несвоечасова падвозяцца дровы».
Засушлівае лета ўскладніла работу жывёлаводаў. Паша выгарала, каровы не наядаліся. А ля Русін была пасеяна канюшына. Вось на яе і перагналі 220 галоў з манькавіцкай фермы. Але недагледзелі, і зараз — непрыемнасці ўсім. У той жа дзень прадстаўнікі сельгаспрадпрыемства абышлі ўсе двары, абследавалі прысядзібныя ўчасткі, склалі акты. За нанесены ўрон па жаданні гаспадароў ім будзе выплачана грашовая кампенсацыя або выдзелена зерне на корм жывёле. Арцём Новік адхілены ад выканання абавязкаў пастуха і пераведзены падсобным рабочым на зернясклад. Яму і Івану Талстаброву давядзецца вяртаць гаспадарцы немалыя сумы, якія будуць затрачаныя ёй на выплаты русінцам.
Фаіна Касаткіна