Спрычынілася сэрцам
Больш чым за паўстагоддзя працы ў рэдакцыі газеты я дзясяткі разоў аб’ездзіла Пастаўшчыну ўздоўж і ўпоперак, пабывала, бадай, у кожным населеным пункце. Але многае забылася і змянілася. Таму не без хвалявання згадзілася сёлета весці рэдакцыйны праект «Вёсачка». А ўзяўшыся, спрычынілася да яго ўсім сэрцам. Можа, таму, што ўзгадавала мяне такая ж невялікая вёсачка, у якую ў чарговы раз накіроўваюся, каб напісаць пра яе. Маёй, на вялікі жаль, ужо няма. Бачу яе адбітак у іншых, дзе яшчэ цепліцца жыццё, і з радасцю сустракаюся са шчырымі, працавітымі, адданымі роднаму куточку людзьмі.
Такія яны і ў Гайдуках — невялікай лясной вёсачцы за 50 кіламетраў ад Пастаў. У ёй усяго 20 чалавек, і кожны — асобная планета. Знаёмлю з тымі, з кім удалося сустрэцца.
Цэнтр прыцяжэння
Гайдукоўцы і сёння з радасцю ўспамінаюць тую ліпеньскую сонечную нядзелю, калі адзначалі свята вёскі. Гаспадары і госці сабраліся ва ўтульным, абсаджаным кветкамі двары старэйшыны Соф’і Цэзараўны Мычко. Прысутных цёпла вітала старшыня Валкоўскага сельскага Савета Таіса Баторы. Персанальныя віншаванні прымалі імяніннікі. Самадзейныя артысты паказалі цікавы канцэрт. А на завяршэнне ўсе сабраліся за агульным сталом, разам спявалі, танцавалі.
— Большасць з нас — немаладыя, — расказвала мне Соф’я Цэзараўна, — але радуемся кожнаму новаму дню і дзякуем Богу, што ён наступіў. У суседніх Янчуках ёсць каплічка. Я, Рома Далжонак, Аня Шылько і Люда Татыржа падтрымліваем у ёй чысціню і парадак, упрыгожваем кветкамі. Кожную нядзелю прыязджае ксёндз з Валкалат, молімся ў каплічцы. Гэта — наша аддушына.
Пра саму Соф’ю Мычко я пачула шмат добрых слоў ад старшыні сельскага Савета яшчэ да прыезду ў вёску. «Мудры чалавек, вялікая аптымістка, нястомная працаўніца, — характарызавала яна жанчыну. — Незаменны памочнік у рабоце з насельніцтвам. З якім бы пытаннем ні звярталася да яе — ідзе насустрач, умее выслухаць кожнага, даць добрую параду, арганізаваць людзей. Дом Мычко — цэнтр прыцяжэння для ўсіх».
Соф’я Цэзараўна 38 гадоў адпрацавала ў сувязі. Адразу пасля заканчэння школы пачынала паштальёнам, затым загадвала заўліцкім аддзяленнем. У наступным годзе з мужам Іванам адзначаць залатое вяселле. Пражылі ў любові і згодзе, выхавалі сына і дачку і ўжо маюць не толькі ўнукаў, але і праўнукаў.
Менш есці, больш рухацца
Алене Гайковіч — 55, у яе два дарослыя сыны, а фігура — як у 18-гадовай дзяўчыны. Калі хто пытаецца, дзякуючы якой дыеце ўдаецца заставацца ў такой зайздроснай форме, жартам адказвае: «Даю рэцэпт: менш ешце і больш рухайцеся». У харчаванні яна сябе, безумоўна, не абмяжоўвае, а вось што да руху, то яго, сапраўды, шмат. Справа ў тым, што Алена працуе паштальёнам. Абслугоўвае Гіголы, Мацейкі, Заўлічча, Гайдукі, Янчукі, Мартулі. Летам дабіраецца на веласіпедзе, зімой — пехатой.
— Работу сваю люблю, людзей ведаю, — расказвала жанчына. — Я сама з Глыбоччыны. Сюды трапіла па размеркаванні пасля заканчэння сельгастэхнікума. Выйшла замуж за мясцовага хлопца, да 1996 года працавала ў бухгалтэрыі калгаса. Аднак на пасаду галоўнага бухгалтара не згадзілася і пайшла ў паштовую сувязь. Раней аб’ём работы быў большы. З года ў год вёскі пусцеюць. Але людзі чакаюць мяне. Прыношу ім не толькі карэспандэнцыю, але і розныя тавары, лякарствы, расказваю навіны. Муж Мар’ян працуе вадзіцелем на сельгаспрадпрыемстве «Дунілавічы-агра». Нашы абодва сыны — у Мінску і нас угаворваюць перабірацца бліжэй да цывілізацыі. У нас сапраўды глухавата, але мяняць месца жыхарства не думаем. Прывыклі да такога ўкладу жыцця, ды і не той ужо узрост, каб рабіць вялікія перамены. А вось рамонт распачалі. Старэйшы сын, Коля, у водпуску, дапамагае.
Хачу сфатаграфаваць Мікалая за работай, але ён адмаўляецца і акцэнтуе маю ўвагу на іншым: «Вы лепш напішыце ў газеце, якімі камянямі ўсыпана гравійка да нас. Машыны так і лавіруюць, каб не пабіць імі днішчы. А сюды ж не толькі мы ездзім, але і хуткая дапамога, аўтамагазін, паштовая сувязь, іншы транспарт». Пішу і адрасую гэтае пытанне кіраўніцтву філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132», якое абслугоўвае дарогу.
— Гэта мы да ўсяго прывыклі, а маладыя — максімалісты, — рэзюмуе сынаву рэпліку Алена і расказвае, што ўвогуле жывецца ў вёсцы нядрэнна. Трымаюць з мужам карову, свіней, гусей, качак. Штогод хапае сваёй агародніны. За некалькі дзясяткаў крокаў ад дома — багаты на грыбы і ягады лес. Шкада толькі, што сёлета з-за засухі грыбоў няма.
Ва ўсім – разам
Праз месяц Марыя і Вікенцій Чарапкоўскія адзначаць 31-ю гадавіну з дня ўступлення ў шлюб. Акрамя таго, у Марыі ў кастрычніку і 50-гадовы юбілей. Безумоўна, будзе свята ў доме, а самыя жаданыя віншаванні — ад дарослых дачок. Анжаліка — урач-педыятр Пастаўскай ЦРБ, Ірына працуе ва ўпраўленні руху чыгуначнага транспарту ў Гомелі. У родным доме заўсёды чакаюць іх прыезду.
— Зараз без машыны ніяк, — гаварылі Чарапкоўскія. — Аўтобус у вёску толькі два разы на тыдзень прыходзіць, хоць яна ўсяго за 8 кіламетраў ад трасы Полацк—Вільнюс. Але нават у Станілевічах маршрутка не заўсёды спыняецца. А мала чаго трэба ў Паставы або Глыбокае дабрацца!
У лістападзе ў Марыі яшчэ адна дата — 20 гадоў, як загадвае заўліцкім магазінам. Адзначае, што насычанасць яго таварамі ў апошнія месяцы істотна палепшылася, ёсць што прапанаваць людзям. Акрамя таго, два разы на тыдзень прыходзіць аўталаўка. Праўда, людзі часта наракаюць на якасць хлеба. Хацелася б, каб прывозілі свяжэйшы і смачнейшы.
Вікенцій працаваў трактарыстам на цялятніку ў Янчуках. Напрыканцы мінулага года ферму расфарміравалі. Дабірацца на працу ў Дунілавічы далёка, і мужчына ўзяўся за зусім іншую справу — стаў сацработнікам. Дапамагае адзінокім састарэлым у Мартулях, Заўліччы, Янчуках, Гіньках. На чвэрць стаўкі аформлена сацыяльным работнікам і Марыя.
— Часта мы едзем да сваіх падапечных разам, — расказвала яна. — Віця спраўляецца з мужчынскай работай, я — з жаночай. Удваіх атрымліваецца хутчэй.
Дома таксама спорыцца работа ў чатыры рукі. А яе хапае: апрацоўваюць шмат зямлі, трымаюць дзвюх кароў, свіней, курэй. «Сабе столькі жыўнасці не трэба, — прызнаюцца Чарапкоўскія. — Але ж хочацца дапамагчы дочкам».
Прывабіла экалогія
На ўездзе ў Гайдукі вачам адкрылася непрывычная для вёскі карціна — высокая агароджа з металапрофілю ўздоўж усёй прасторнай сядзібы. Гадаць, што за ёй размяшчаецца, не прыйшлося. На прыбітай ля веснічак яркай таблічцы значылася: «Фермерское хозяйство «Питомник Солнечный». Пчелопакеты, пчеломатки, продукты пчеловодства» і ўказваўся нумар тэлефона.
Набрала яго і напрасілася на «экскурсію». А калі ўбачыла фермера, вачам не паверыла: перада мной стаяў ні больш ні менш як галівудскі акцёр — малады, прыгожы, з тонкімі рысамі твару мужчына. Юрый Круглік па адукацыі — артыст, працаваў на тэлебачанні ў Мінску, Санкт-Пецярбургу. «А ўрэшце вырашыў пачаць свой бізнес, — расказваў. — Мае сябры займаліся пчалярствам. Вось і я пайшоў іх шляхам. Падбіраючы месца для пасекі, кіраваўся двума базавымі фактарамі: экалагічна чыстая мясцовасць і аддаленасць ад людзей. Па два разы на месяц прыязджаў на машыне з Санкт-Пецярбурга і аглядаў участкі ў Пастаўскім, Докшыцкім, Глыбоцкім раёнах. Перабраў не менш за паўсотню і спыніўся на гэтым. Купіў тут дом, узяў у арэнду зямлю, аформіў фермерскую гаспадарку».
У Гайдуках малады фермер ужо чатыры гады. Уклаў шмат працы ў абуладкаванне тэрыторыі, заняўся пчалярствам, знайшоў агульную мову з мясцовымі жыхарамі. У новай справе бачыць перспектыву і цалкам задаволены пераменамі ў сваім жыцці.
Шчасце любіць цішыню
А зараз зойдзем да Далжонкаў, — прапанавала мне старэйшына вёскі. — Пабачыце, якая ў іх прыгажосць.
І гэта сапраўды так: у двары і ў доме — ідэальны парадак. Аднак гаспадыня сціпла заўважае: «Нічога асаблівага ў нас няма. Жывём, як і ўсе на зямлі, трымаем гаспадарку, нават карову».
Дом у Гайдуках, у якім жывуць Далжонкі, у свой час ім выдзеліў калгас «Праўда». Пазней Валянцін узначаліў калектыў гаспадаркі. А калі 10 гадоў таму яе далучылі да сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра», стаў намеснікам дырэктара. На гэтай пасадзе і сёння.
Рамуальда працавала ў бухгалтэрыі калгаса, зараз — на пенсіі. 5 гадоў таму забрала да сябе з Сасноўшчыны маці, якой ужо 92 і якая патрабуе догляду. Ахінае яе цяплом і клопатам.
У абодвух дарослых сыноў Далжонкаў свае сем’і. Андрэй — айцішнік, жыве ў Наваполацку, Аляксандр — ляснічы Валкоўскага лясніцтва, жыве ў Глубокім. «Выдатныя хлопцы! Бацькам толькі ганарыцца імі», — заўважае старэйшына, а Рамуальда зноў стрымлівае яе эмоцыі: «Не перахвалі! Шчасце любіць цішыню. Для кожных бацькоў іх дзеці найлепшыя. Для нас — таксама. А найбольшая пацеха — унук Арсеній».
Асабняком
Ад усіх сваіх суразмоўцаў я чула: «Вёска дружная, людзі — добрыя, адно аднаму заўсёды дапамогуць», пакуль не трапіла да Мікалая Салаўёва. 20 гадоў назад пераехаў ён у Гайдукі з суседняга раёна, а трымаецца асабняком. Так было не заўсёды, але зараз чалавек у крыўдзе і на аднаго суседа, і на другога… І носіць у сабе гэтую крыўду, не хоча кантактаваць. Хаця, на мой погляд, важкіх падстаў для разладу няма.
Вось і на свяце вёскі не здагадаліся прапанаваць яму сыграць на баяне ды выканаць песню, а сам не праявіў ініцыятывы, і застаўся ў яго на сэрцы непрыемны асадак. Пра што і гаварыў мне. Безумоўна, па адной сустрэчы і адной размове немагчыма зразумець, што за чалавек перад табой. На першы погляд — звычайны вясковец у звычайных сялянскіх клопатах, з раніцы да вечара займаецца нейкімі справамі на сваім падвор’і. А сам расказваў, што мае 24 гады педагагічнага стажу, выкладаў у школе музыку і спевы, шмат выступаў на сцэне. У пацвярджэнне сказанаму ўзяў баян у рукі, зайграў-заспяваў — і ператварыўся ў творцу. Чалавек-загадка…
***
«Па цяперашніх мерках немалая вёска — ажно 20 жыхароў», — зрабіў выснову рэдакцыйны вадзіцель па дарозе ў Гайдукі. А мне падумалася: раней амаль такімі па колькасці былі сем’і. Але даўнейшае ніколі не вярнуць. Тым не менш прыемна было бачыць адданых роднаму куточку людзей і плён іх працы: упарадкаваныя хаты, дагледжаныя агароды, кветнікі, шмат жыўнасці (ёсць нават 5 кароў); слухаць, як весела адзначалі свята вёскі, і ў той жа час сумна ўсведамляць, што яны — апошнія з магікан. Вось і некалькі дыхтоўных калісьці калгасных дамоў тут ужо шмат гадоў пустуюць. Наўрад ці з’явяцца ў іх новыя гаспадары…
Фаіна Касаткіна