Калі міласэрнасць на першым месцы
Напярэдадні Дня народнага адзінства ў Пастаўскім ТЦСАН падвялі вынікі конкурсу на найлепшага работніка.
Конкурс доўжыўся больш за два месяцы і складаўся з чатырох этапаў. На першым, які прысвячаўся Году гістарычнай памяці, канкурсанткі прэзентавалі свой радавод. Падчас другога адказвалі на пытанні тэстаў па раздзелах нарматыўна-прававой базы Рэспублікі Беларусь у сферы сацыяльнага абслугоўвання, правілах аховы працы і тэхнікі бяспекі, гісторыі Беларусі і роднага краю.
— Некаторыя нашы знаёмыя, даведаўшыся пра заданні другога этапа, дзівіліся: навошта ўсё гэта ведаць сацыяльнаму работніку? — расказвалі ўдзельніцы конкурсу. — Але гэта неабходна, бо мы сваім падапечным не толькі купляем прадукты, лекі, прыбіраем у хаце, але і гутарым з імі. Для многіх пажылых успамінаць мінулае — любімы занятак. І каб быць, як кажуць, у тэме, трэба ведаць гісторыю, славутыя мясціны Беларусі, выдатных землякоў.
Стварыць відэаролік пад назвай «Мой рабочы дзень» — трэці этап конкурсу. У ім кожная канкурсантка павінна была расказаць і паказаць, чым займаецца на рабоце. Відэаролікі былі змешчаны на сайце ТЦСАН і ў сацыяльных сетках. Яны выклікалі вялікую цікавасць: некаторыя набралі больш за 20 тысяч праглядаў. А прыз глядацкіх сімпатый заваявала Наталля Койра, якая працуе спецыялістам у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў.
— Шмат слушных прапаноў па рабоце цэнтра ўнеслі канкурсанткі падчас чацвёртага этапа, які называўся «Калі б я быў дырэктарам ТЦСАН», — расказвала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч. — У конкурсе ўдзельнічала 13 чалавек, усе — адданыя абранай справе. Журы было вельмі складана вызначыць найлепшага. Мы шмат дыскутавалі. Удзячныя жанчынам за тыя намаганні, якія кожная прыклала пры выкананні конкурсных заданняў, за паўсядзённую нялёгкую працу, дабрыню, якой яны ахінаюць адзінокіх і абяздоленых. Толькі людзі са шчырым сэрцам, чулыя, спагадныя могуць працаваць у нашай сферы. Вядома ж, замяніць сям’ю адзінокаму чалавеку немагчыма. Але зрабіць усё для таго, каб ён не адчуваў сябе адзінокім, нашым сацработнікам удаецца.
Найбольшы стаж і багаты вопыт работы ў сацыяльнай службе ў Святланы Станюленіс. Па спецыяльнасці яна швачка-матарыстка. Вучылася ў Латвіі. Пазней памяняла месца жыхарства, а затым і работу. У Святланы Іванаўны ёсць падапечныя, якім яна дапамагае вось ужо на працягу 20 гадоў.
— Кожны чалавек — асоба, — гаварыла Святлана Станюленіс. — І без індывідуальнага падыходу тут не абысціся. Стараюся зразумець і дагадзіць усім сваім падапечным. І яны мяне чакаюць з нецярпеннем.
Удзельніцы конкурсу па яго выніках узнагароджаны граматамі раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын». 1-е месца прысуджана сацыяльнаму работніку Аліне Мацвеевай з лынтупскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, 2-е — спецыялісту па сацыяльнай рабоце аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту г.п. Лынтупы Валянціне Асіпенцы, 3-е — сацыяльнаму работніку Ганне Пісарык з Варапаева.
—У любой справе няма мяжы дасканаласці, — гаварыла намеснік дырэктара ТЦСАН Вольга Антух. — Конкурс быў задуманы з мэтай павышэння прэстыжу прафесіі сацыяльнага работніка. У нашай сістэме працуюць сапраўдныя прафесіяналы, цікавыя, таленавітыя і міласэрныя людзі. Сваё майстэрства яны і прадэманстравалі падчас конкурсу.
Пасля падвядзення вынікаў адбыўся тэматычны канцэрт, прысвечаны Дню народнага адзінства.
Анна Анішкевіч