Найважнейшая тэрапія – дабрынёй
У пастаўскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН на мінулым тыдні адбыўся дзень адчыненых дзвярэй.
Дагледжаная тэрыторыя ў ціхіх куточках, чыстае паветра, светлыя будынкі, утульныя пакоі, прасторныя холы, дзе можна сабрацца ўсім разам і заняцца настольнымі гульнямі або паглядзець канцэрт. Так выглядаюць аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Паставах і Лынтупах. У райцэнтры такое аддзяленне на 20 месцаў адкрылася ў 2008-м, у гарпасёлку — на 30 месцаў — годам пазней. За гэты час для дзясяткаў адзінокіх старых (і не адзінокіх), а таксама інвалідаў гэтыя ўстановы сталі другім домам — цёплым і ўтульным.
Загадчыцы аддзяленняў Надзея Андрон і Надзея Гатоўская расказалі прысутным пра іх дзейнасць, пра тое, якім вялікім клопатам і ўвагай акружаюць пастаяльцаў работнікі. У пацвярджэнне гэтага быў прапанаваны для прагляду відэафільм пра дзейнасць названых устаноў.
А яна накіравана на тое, каб падапечныя знаходзіліся ва ўмовах, не толькі максімальна набліжаных да дамашніх, але і нават лепшых. Асаблівая ўвага тут звяртаецца на здаровы лад жыцця. Садзейнічаюць яму збалансаванае чатырохразовае харчаванне, асабістая гігіена, дазіраваныя фізічныя нагрузкі, актыўны адпачынак, прафілактыка дэменцыі. Робіцца ўсё магчымае для падаўжэння працягласці жыцця людзей і яго паўнавартаснасці. Тых, у каго ўзнікае патрэба, аглядае ўрач і назначае лячэнне. Медсястра ў аддзяленнях знаходзіцца пастаянна. З мэтай сацыяльнай рэабілітацыі праводзіцца магнітная, музычная, сэнсарная і ароматэрапія, а таксама масаж і самамасаж, лячэбная фізкультура, дыхальная гімнастыка. Але, як справядліва зазначыла загадчыца лынтупскага аддзялення Надзея Гатоўская, найважнейшая тэрапія — дабрынёй. І гэта сапраўды так, бо абслуговы персанал адносіцца да пастаяльцаў, як да родных людзей.
Калі ж у каго-небудзь з пажылых на душы становіцца цяжка, штосьці непакоіць, можна звярнуцца да псіхолага. Наведваюцца да пастаяльцаў і святары праваслаўнай і каталіцкай канфесій. Тыя, хто мае сілы і жаданне, удзельнічаюць у добраўпарадкаванні тэрыторыі, вырошчванні расады кветак і агародніны, займаюцца рукадзеллем, гуляюць на свежым паветры.
Частыя госці ў пастаяльцаў — наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, якое знаходзіцца ў суседнім будынку. Прысутнічалі яны і на дні адчыненых дзвярэй. А яшчэ на мерапрыемства завіталі наведвальнікі пастаўскага і лынтупскага аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і парадавалі прысутных канцэртам мастацкай самадзейнасці. А затым Надзея Андрон правяла экскурсію па аддзяленні.
Застаецца дадаць, што адзінокія грамадзяне плацяць за кругласутачнае пражыванне 85% ад сваёй пенсіі. Тыя, хто мае працаздольных дзяцей, — 22,37 рубля за суткі ў Лынтупах, 25,30 — у Паставах. Зараз у аддзяленнях ёсць некалькі свабодных месцаў. І яны абавязкова спатрэбяцца тым, хто па старасці і стане здароўя не зможа жыць у адзіноце. Тым больш што не за гарамі — халады.
Фаіна Касаткіна
Фота даслала Надзея Андрон