Працуюць з «золатам»
Набліжаюся да зернесушыльнага комплексу ў Навасёлках — і ўдыхаю прыемны водар зерня. Яго тут — горы. Сушка і перапрацоўка — абавязак аператараў Юрыя Качана, Паўла Ясінскага, Аляксея Зямчонка і Аляксандра Машніча. Яны ключавыя фігуры на комплексе. Да жніва яго падрыхтавалі дасканала, бо комплекс лічыцца сэрцам зерневага канвеера.
З першага дня ўборкі зерневых КЗСВ-30 працуе ў бесперапынным рэжыме. І такі графік работы па напружанасці ніколькі не саступае працоўным будням камбайнераў і вадзіцеляў. Здаецца, толькі высушылі зерне адной культуры, як тут жа вырастаюць бурты другой. Калі я заглянула на зернесушылку, на змене былі Аляксандр Машніч і Аляксей Зямчонак.
— Працуем з «золатам»! — гаварылі з гонарам. — Таму работа патрабуе высокай адказнасці. Сушка зерня — справа далікатная. Працэс не спыняецца ні на хвіліну.
Комплекс працуе на газавым абсталяванні, што значна аблягчае работу. Задача аператараў — не перасушыць зерне, бо страціцца якасць насення, і не дапусціць перавышэння ўзроўню вільготнасці — не будзе захоўвацца на складзе. Яны пільна сочаць за тэхнічным станам абсталявання і паказаннямі прыбораў. Працэс сушкі доўжыцца 4-5 гадзін у залежнасці ад вільготнасці збожжа. Яно паступае вільготнасцю 15-16%, а трэба давесці да паказчыка 13,5%. Улічваючы, што сёлета зерне з поля прывозяць практычна сухім, на яго дапрацоўку траціцца менш часу, чым на зерне з высокай вільготнасцю.
Засыпанае ў спецыяльны бункер зерне ачышчаецца, затым паступае на дасушванне. А потым устаноўка падае сігнал, і яно адпраўляецца ў зернясховішча. Сёлета на КЗСВ-30 у Навасёлках ужо перапрацавалі амаль 8 000 тон зерня.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара