Поставчанка Елизавета Афанасьева получила серебряную награду на Международной олимпиаде по наукам о Земле

Образование

Гонар Пастаўшчыны! Гонар краіны! 

З 25 па 31 жніўня ў анлайн-фармаце праходзіла XV Міжнародная алімпіяда па навуках аб Зямлі (IESO-2022). У ёй удзельнічалі 202 наймацнейшыя ў геаграфіі вучні з 40 краін. Сярод іх была і 11-класніца Пастаўскай гімназіі Лізавета Афанасьева. Вынік годны — 2-е месца і сярэбраны медаль! Карэспандэнт «ПК» сустрэлася з медалісткай і яе настаўнікам геаграфіі Ігарам Пракаповічам, каб даведацца падрабязна пра ўдзел у алімпіядзе.

— У міжнародных алімпіядах з Пастаўскага раёна яшчэ не ўдзель­нічаў ніхто, — не без гонару за сваю вучаніцу гаварыў Ігар Пракаповіч. — Лізе ўдалося за гэта лета паўдзельнічаць нават у дзвюх. Серабро на апошняй — гэта, канешне, супервынік!

Поставчанка Елизавета Афанасьева получила серебряную награду на Международной олимпиаде по наукам о Земле

Усё ішло паэтапна. Пасля перамогі ў рэспубліканскай алімпіядзе па геаграфіі, якая адбылася вясной, Лізу ўключылі ў склад беларускай каманды з 15 чалавек. Для іх геафакультэт БДУ арганізаваў зборы, каб вызна­чыць найлепшых. І вось вынік: Ліза і яшчэ 11 чалавек былі абраныя для ўдзелу ў VII Еўрапейскай геа­графічнай алімпіядзе. Праходзіла яна дыстанцыйна на базе БДУ ў чэрвені. Варта адзначыць, што ўсе заданні (як у першай, так і ў другой алімпіядзе) удзельнікі выконвалі на англійскай мове. Сярод больш чым 120 школьнікаў з 10 краін каманда беларусаў заваявала бронзавы медаль.

— Еўрапейская алімпіяда стала выдатнай трэніроўкай перад удзелам у міжнароднай, — расказвала Ліза. — У наступным годзе планую яшчэ раз у ёй паўдзельнічаць і, апроч каманднага, штосьці ўзяць у індывідуальным заліку. Цяпер ужо маю ўяўленне, як трэба да яе рыхтавацца.

Міжнародная алімпіяда па навуках аб Зямлі таксама прайшла дыстанцыйна, але ўжо ў роднай для Лізы гімназіі. Дзяўчына прыгадвала, што моцна хвалявалася.

— Пытанні былі не толькі з вобласці геаграфіі, — успамінала яна. — Калі геалогія і акіяналогія — гэта яшчэ больш-менш мой профіль, то, напрыклад, астраномія — не зусім маё. Убачыўшы заданні, спалохалася. Потым узяла сябе ў рукі і ўсё напісала.

Ды яшчэ як! Дзяўчына прызналася, што хоць і ставіла сабе пэўную планку, але да такога высо­ка­га выніку і сама не была гатова.

— Лета ў яе не было: увесь час займалася, — падтрымаў сваю вучаніцу Ігар Міхайлавіч. — Калі прыйшла сюды пісаць дыстанцыйна, у яе пад вачыма былі нават сінія мяшочкі. Па-бацькоўску шкадаваў яе, але нічога не зробіш — такі характар. Ліза вельмі мэтанакіраваная.

Цяпер у гімназісткі куратары з БДУ, якія даюць ёй асноўную нагрузку. Але дзяўчына шчыра ўдзячная свайму настаўніку, які зацікавіў геаграфіяй яшчэ ў 5 класе, многа займаўся з ёй і ўвесь час падтрымліваў.

Сакрэтам свайго поспеху Лізавета лічыць уменне не спыняцца на дасягнутым.

— Галоўнае, каб справа, якой займаешся, была даспадобы. Бо, як вядома, мяжы дасканаласці няма!

Застаецца пажадаць поспехаў дзяўчыне ў дасягненні самых высокіх вяршынь.

Крысціна Рубель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.