З’яднаў «Сімвал адзінства»
Напярэдадні самага маладога дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства — на Віцебшчыне стартавала маштабная рэспубліканская акцыя «Сімвал адзінства». Яе зыходнай кропкай стаў старажытны Полацк. Затым маршрут аўтапрабегу пралёг праз Расоны, Верхнядзвінск, Мёры, Браслаў і Шаркаўшчыну. Паставы прынялі эстафету акцыі 13 верасня.
Удзельнікаў аўтапрабегу, арганізаванага Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Патрыёты Беларусі» сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, дэлегацыя нашага раёна сустракала у Казянах і, як прынята спрадвеку, з караваем. Аб’яднаўшыся ў картэж, упрыгожаны дзяржаўнай сімволікай, госці і гаспадары накіраваліся на вуліцу Чырвонаармейскую ў Паставы. Тут, ля брацкай магілы, адбыўся мітынг.
— Мы шчыра вітаем удзельнікаў акцыі на гэтым святым для пастаўчан месцы, дзе пахаваны 354 вызваліцелі, — адзначыў кіраўнік раёна Сяргей Чэпік. — Сёння тут сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў, каб ушанаваць памяць воінаў Чырвонай арміі, якія аддалі свае жыцці пры вызваленні Пастаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Імёны многіх доўгі час заставаліся невядомымі, але дзякуючы пошукава-даследчай працы іх ўдалося ўстанавіць. Работа ў гэтым кірунку працягваецца, як і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне насельніцтва, асабліва моладзі. Гэта надзвычай актуальна ў Год гістарычнай памяці, калі на дзяржаўным узроўні вялікая ўвага надаецца захаванню гераічнай спадчыны і праўды пра ўсе перыяды жыцця беларускага народа. Упэўнены, што наша моладзь з гонарам працягне будаваць светлую і квітнеючую Беларусь!
У старшыні РГА «Патрыёты Беларусі» Мікалая Зарубіцкага і яго намесніка Ганны Харуты ў гэтым няма ніякіх сумненняў. У рамках маштабнага праекта «Захаваем гісторыю» члены грамадскага аб’яднання цесна супрацоўнічалі з ваенна-патрыятычнай групай СШ №4 і ганарацца знаёмствам з імі. Спадзяюцца, што супрацоўніцтва будзе толькі мацнець. Даўнія сябры арганізацыі не толькі пастаўскія школьнікі, але і вайскоўцы 1-га РТЦ, якія ахвотна ўзаемадзейнічаюць з «Патрыётамі Беларусі».
— Сёння некаторыя людзі замест таго, каб клапаціцца пра дабрабыт сваёй краіны, думаюць найперш пра сябе, — гаварылі Мікалай Зарубіцкі і Ганна Харута падчас урачыстага абмену са старшынёй райвыканкама Сяргеем Чэпікам сімвалічнымі шасцярэнькамі. — Але наша сіла — у адзінстве. Як і гэтыя дэталі, мы, беларусы, — таксама часцінка адзінага механізму, і існаваць асобна не можам. Маршрут аўтапрабегу пракладзены праз усю краіну і аб’яднае 118 раёнаў. Столькі ж будзе і шасцярэнек, з якіх збяром і запусцім адзіны механізм у выглядзе карты нашай краіны.
Не менш істотны момант акцыі — устаноўка на месцах воінскіх пахаванняў таблічак з QR-кодам. Калі яго адсканіраваць з дапамогай смартфона, то можна азнаёміцца з гісторыяй мемарыяла, паслухаць успаміны сведак тых жудасных падзей. На брацкай магіле па Чырвонаармейскай аповед вядзецца ад імя пахаванага тут Героя Савецкага Саюза Васілія Кірычука. Разам з кіраўніцтвам грамадскага аб’яднання ганаровае права ўстанавіць таблічку было даручана старшыні пярвічнай арганізацыі ветэранаў-ракетчыкаў Юрыю Копасаву. І ў гэтым таксама ёсць сімвалізм: на Пастаўшчыне лічбавая таблічка ўрачыста адкрыта ў Дзень памяці ахвяр фашызму. У хуткім часе аналагічныя з’явяцца яшчэ ля васьмі помнікаў раёна: два — у райцэнтры, а таксама ў Лынтупах, Ліпніках, Камаях, Варапаеве, Манькавічах і ў Дунілавічах.
Больше фото в альбомах в ОК и ВК
Ад нашага раёна эстафету рэспубліканскай акцыі пераняў Глыбоцкі. Фінішуе яна 10 снежня ў Мінску.
Больше фото в альбомах в ОК и ВК
Фота Веранікі Філановіч и Наталлі Налей
Видео Натальи Налей