«Паставы-гарадок» у Дунілавічах
Першы фірменны магазін па-за межамі горада, у аграпрамысловым аб’яднанні, адкрыў у Дунілавічах малочны завод.
Гэта адбылося 30 жніўня. На адкрыццё сабраліся вяскоўцы, прыехалі прадстаўнікі завода на чале з дырэктарам Канстанцінам Гайлеўскім. Ён і старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік перад уваходам у новы магазін перарэзалі чырвоную стужку і запрасілі прысутных па пакупкі.
Выбар тавару тут шырокі. Людзі выходзілі з магазіна задаволеныя. Тыя, хто атаварыўся на 30 рублёў, атрымалі сувенірныя наборы, хто на 60 — каштоўныя падарункі.
Многія вяскоўцы ўспаміналі той час, калі ў Дунілавічах на падвор’ях жыхароў утрымлівалася больш за 300 кароў. Малаком і малочнымі прадуктамі гаспадары забяспечвалі не толькі сябе — лішкі прадавалі дзяржаве. З узростам трымаць жыўнасць стала цяжка, таму ўсё неабходнае пачалі купляць у мясцовым магазіне. Але сёлета з-за перабояў з пастаўкай малочнай прадукцыі жыхары Дунілавіч часта заставаліся без малака, смятаны, кефіру.
— А цяпер такая зручнасць! Усё можна набыць на месцы, — гаварылі пакупнікі. — Дзякуй вялікі кіраўніцтву малочнага завода за такі клопат пра вяскоўцаў. Да гэтага папулярнасцю ў нас карыстаўся магазін «Натуральныя прадукты» ААТ «Навасёлкі-Лучай». Цяпер ёсць выбар. Будзем параўноўваць асартымент і цэны.
Прадавец у магазіне «Паставы-гарадок» — мясцовая жыхарка Ліяна Рабцэвіч. Яна доўгі час працавала ў сістэме спажыўтаварыства.
— Спадзяюся, што ўсё атрымаецца, — гаварыла Ліяна. — Вопыт работы ў гандлі ёсць. Выкладку тавару перад адкрыццём дапамаглі зрабіць прадаўцы фірменных магазінаў з горада Алена Валошчанка і Вікторыя Яголда. Па любым пытанні магу параіцца з таваразнаўцам завода Валянцінай Мар’янаўнай Хаткевіч.
— Быць магазіну ці не, залежыць ад вас, паважаныя вяскоўцы! — гаварыў падчас адкрыцця гандлёвай кропкі Канстанцін Гайлеўскі. — Будзе прыбытак — будзем гандаль развіваць. У перспектыве разглядаем магчымасць адкрыцця фірменных магазінаў у іншых гаспадарках аграпрамысловага аб’яднання.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара