Класная прывычка!
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Катовіч прывёз дыпломы і грашовыя прэміі двум тысячнікам з ААТ «Сцяг Перамогі-агра» — камбайнеру Руслану Чарняўскаму і вадзіцелю Юрыю Квачу. Інспектар па кадрах сельгаспрадпрыемства Таццяна Чарняўская падчас уручэння перадавікам узнагарод дадала, што ім належаць яшчэ і прэміі ад гаспадаркі. А я задала пераможцам спаборніцтва самае банальнае пытанне: «Ці прыемна было атрымаць дыплом ды прэмію?» Але пачула зусім нечаканы адказ: «Мы ўжо прывыклі да гэтага. Атрымліваем рэгулярна».
Якая класная прывычка — пастаянна вызначацца ў працы і з годнасцю прымаць адзнакі за свае дасягненні! Прызналіся, што маглі б намалаціць і перавезці збожжа значна больш за тысячу тон, калі б ураджайнасць у гаспадарцы была вышэйшай. Але і дасягнутым задаволеныя.
Развітаўшыся са старшынёй райкама прафсаюза, кожны накіраваўся да сваёй тэхнікі: Руслан — абмалочваць зерневыя на прысядзібных участках вяскоўцаў, Юрый — рамантаваць машыну. Работы ў полі яшчэ шмат, таму расслабляцца не прыходзіцца.
Фаіна Касаткіна