Цэнтр расшырае гарызонты
1 верасня новы навучальны год пачаўся не толькі ў школах, гімназіях, ліцэях і каледжах, але і ва ўстановах дадатковай адукацыі, да якіх адносіцца Пастаўскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Сёлета тут адбыўся шэраг змяненняў.
Ужо даўно побач са шматлікімі аб’яднаннямі па інтарэсах для школьнікаў у РЦДМ працуе школа ранняга развіцця «Беби-умник» для дзяцей ва ўзросце ад 4 да 6 гадоў. Летась яе наведвалі больш за 20 малых, якія ў гульнявой форме вывучалі англійскую мову, займаліся харэаграфіяй і выяўленчым мастацтвам. Каб прыцягнуць у школу новых дзетак і разнастаіць заняткі, з гэтага года адміністрацыя цэнтра вырашыла адкрыць яшчэ адну групу — для хлопчыкаў і дзяўчынак другога года навучання. Яе наведвальнікі замест выяўленчага мастацтва будуць спасцігаць азы камп’ютарнай графікі разам з Марынай Кавальскай.
— Дзеці будуць маляваць на камп’ютарах, ажыўляць сваіх персанажаў і ствараць мультфільмы, — расказвала дырэктар РЦДМ Валянціна Ромель. — Для заняткаў дашкалят і школьнікаў мы адрамантавалі камп’ютарны клас: выраўнавалі і пафарбавалі столь і сцены. Касметычны рамонт зрабілі за сродкі, атрыманыя ад аказання платных паслуг. Да іх адносіцца ў тым ліку і работа школы ранняга развіцця.
Працаваць «Беби-умник» будзе па-ранейшаму — кожную суботу з 10 да 12 гадзін. 12 заняткаў за месяц абыдуцца бацькам у 21 рубель. З гэтага года на платнай аснове будуць праводзіцца і заняткі па харэаграфіі для пачаткоўцаў. Іх кошт — 7 рублёў за месяц.
Калі гаварыць пра аб’яднанні па інтарэсах для навучэнцаў, то тут таксама «прыбаўленне» — з’явілася тэатральная студыя «Арлекин». Яе кіраўніком стала новы педагог-арганізатар, сёлетняя выпускніца Полацкага каледжа ВДУ імя П. М. Машэрава Анастасія Вішнеўская. Яшчэ адзін малады спецыяліст, які прыбыў у наш раён, — Наталля Танана — паралельна з выкладаннем англійскай мовы ў гімназіі будзе навучаць ёй выхаванцаў школы ранняга развіцця. Яна замяніла настаўніцу СШ №1 Ганну Лысёнак.
З 5 па 11 верасня ў Беларусі праводзіцца тыдзень устаноў дадатковай адукацыі. У яго рамках педагогі РЦДМ пойдуць у школы і дзіцячыя сады, запрашаючы дзяцей у цэнтр. 1 верасня ў ім па традыцыі прайшоў дзень адчыненых дзвярэй з прэзентацыяй для гасцей — дзяцей і іх бацькоў — разнастайных студый, клубаў і творчых майстэрань. А 2-га чысла на плошчы Леніна ў Паставах упершыню была арганізавана піяр-акцыя «Горад дадатковай адукацыі», падчас якой працавалі розныя інтэрактыўныя пляцоўкі і кансультацыйны цэнтр.
Алена Шапавалава