Наташы было ўсяго 30, калі яна аўдавела. На руках засталіся 12-гадовая дачка і 7-гадовы сын. Гора падкасіла, але не зламала маладую жанчыну. Падтрымлівалі бацькі, якія жылі ў адной з ёй вёсцы, захаваліся цёплыя адносіны са свекрывёй. А праз 7 гадоў яна зноў выйшла замуж. Зараз іх агульнаму з Міхаілам Чаховічам сыночку Вадзіму 5 гадоў. Старэйшыя Наташыны дзеці, Паліна і Мацвей, жывуць у Польшчы. Паліна атрымала там дзве вышэйшыя адукацыі, працуе. Мацвей яшчэ вучыцца ва ўніверсітэце. Дадому прыязджаюць толькі ў госці. Ну а на віртуальнай сувязі з роднымі кожны дзень.
— Мы заўсёды іх чакаем, — гаварыла маці. — З асаблівым нецярпеннем — Вадзімка. Прыязджаюць — і адразу становіцца большай сям’я, спарней ідзе работа, напаўняецца радасцю дом.
А дом пастаянна змяняецца. Маладыя гаспадары не стамляюцца добраўпарадкоўваць і яго, і ўсю прыдамавую тэрыторыю. Наталля ўспамінае жарт: «Не выходзь замуж за чалавека з залатымі рукамі, бо ў доме не будзеш мець нічога новага: ён адрамантуе ўсё старое». А ў майго Мішы сапраўды залатыя рукі. Ён непазнавальна пераўтварыў спальню, кухню, перакрыў страху на варыўні, дабудаваў да яе навес. Пачаў абсталёўваць тут летнюю кухню і мангальную зону. Ды і шмат чаго іншага зрабіў! А паглядзіце, як выкасіў трымерам траву — нібыта пагаліў! За хлявом пасадзіў рад елачак і рад сасонак. У яго шмат ідэй, і ён ніколі не бывае без справы».
Я ўбачыла не толькі «выгаленыя» газоны, але і мноства кветак. Яны былі паўсюль: у агародчыку, на падаконніках дома, сценах гаспадарчых пабудоў. Наталля расказала, што кожную вясну вырошчвае шмат расады, якой хапае не толькі сабе, але і для тэрыторыі ля малочнатаварнага комплексу ў Волахах. З 2006 года яна працуе тут тэхнікам-асемянатарам. У гэтыя дні работы яшчэ прыбавілася: даручылі выконваць абавязкі начальніка комплексу. Як толькі паспявае спраўляцца і дома, і на працы? Тым больш цяпер, у сезон уборкі агародніны і нарыхтовак на зіму.
— Наташа — гаспадыня ад Бога, — чула я ад яе аднавяскоўцаў. — Любую страву прыгатуе так, што пальчыкі абліжаш. Выпякае розныя булачкі, пірагі, вельмі смачныя і прыгожыя тарты. Ахвотна частуе сваімі прысмакамі іншых, дзеліцца сакрэтамі кулінарыі, раздабывае новыя рэцэпты. І агароды ў яе дагледжаныя, і кветак мора. Яна такая ж адказная, працавітая, гаспадарлівая і спагадная, якой была яе маці» (маці не стала два гады таму — аўт.).
Іншы раз чую: «У вёсцы жыць сумна». Думаю, што гэта пра тых, хто не любіць зямлю і пазбягае фізічнай працы. Маім жа новым знаёмым — Наталлі Яморскай і Міхаілу Чаховічу — сумаваць няма калі: у іх столькі планаў, што толькі паспявай іх рэалізоўваць. А родная Наташына вёска Турлы на Курапольшчыне — для абаіх менавіта той куточак, дзе так радасна ўвасабляць у жыццё задуманае!
Фаіна Касаткіна