Хрумсткая, сакавітая і апетытная
Менавіта так магу ахарактарызаваць капусту з квасільна-засолачнага цэха Пастаўскага філіяла аблспажыўтаварыства. Нядаўна напрасілася туды, каб паназіраць за працэсам яе прыгатавання.
Ля шаткоўні завіхаюцца трое. Адзін работнік з дапамогай спецыяльнага прыстасавання выразае храпку, другі закідвае качаны ў шаткоўню, трэці дадае ў капусту моркву і соль, перамешвае. Гатовая маса складаецца ў 5-тонныя ёмістасці пад гнёт. Працэс ферментацыі доўжыцца 7 дзён, пасля чаго гатовая прадукцыя фасуецца і адпраўляецца на рэалізацыю.
— А яшчэ мы выпускаем натуральны яблычны сок, — расказвала начальнік цэха Зоя Урандайкіна. — Ён без дабаўлення кансервантаў і вады. Увогуле ўся агародніна, якую перапрацоўваем, экалагічна чыстая, не праходзіць тэрмічнай апрацоўкі. Вырабляем салёна-марынаваны часнок, 11 відаў салаты з морквы, белакачаннай і марской капусты, буракоў, баклажанаў, солім агуркі, памідоры.
Прадукцыя цэха карыстаецца вялікім попытам не толькі ў пастаўчан. Яе пастаўляюць у магазіны ўсіх раёнаў нашай і Мінскай абласцей. Заключаны дагаворы на пастаўку з многімі ўстановамі аховы здароўя і адукацыі, магазінамі «Дабраном», «Веста». У мінулым годзе філіял рэалізаваў больш за 100 тон агуркоў і столькі ж капусты. Сёлета плануюць перапрацаваць і прадаць яшчэ больш. Летась набыта новая шаткоўня. Работнікі цэха адказныя. Ужо 13 гадоў тут працуе Тэрэза Баль. Навічкі, але хутка асвоілі свае абавязкі, — Алена Тарасава і Наталля Галяк.
Засолку агуркоў і памідораў у цэху распачалі з моманту нарыхтоўкі агародніны. Яе закупляюць у насельніцтва, фермерскіх гаспадарак нашага і суседніх раёнаў, а таксама Гродзеншчыны і Брэстчыны. Цяпер — час капусты. Яе квашанне — справа нескладаная, але патрабуе выканання тэхналогіі, інакш вынік не парадуе. Як расказвала Зоя Урандайкіна, ідэальна для квашання падыходзяць познія сарты. Падбіраюць качаны, на якіх мала або ўвогуле няма зялёных лістоў. Чым яны святлейшыя, тым больш у іх цукру, неабходнага для ферментацыі. Квашаная капуста — карысная для здароўя. У ёй шмат вітамінаў С і В6, мікраэлементаў — такіх як калій, жалеза, магній, цынк. Пастаўскія кааператары гатуюць квашаную капусту 4-х відаў: з кменам і морквай; журавінамі і морквай; кменам, кропам і морквай; з лаўровым лістом.
У нашай сям’і капусту заўсёды любілі, таму вырошчвалі шмат. А колькі клопатаў было з яе доглядам! Пасля пасадкі некалькі дзён запар палівалі, каб прыжылася. Затым апрацоўвалі супраць шкоднікаў, па меры зарастання пустазеллем палолі, акучвалі. Нягледзячы на гэта, здаралася, качаны вырасталі малымі. І тады прыходзілася купляць. У магазін па квашаную капусту ў той час ніхто не хадзіў, бо яе выбар быў невялікі ды і якасць выклікала сумненні. Затое цяпер пастаянна купляем, і толькі тую, што вырабляюць у пастаўскім квасільна-засолачным цэху.
Анна Анішкевіч