У новы навучальны год – з гонарам!
Урачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў, прайшла і ў Варапаеўскай СШ. Дзень нараджэння новага навучальнага года святкавалі больш за 240 навучэнцаў школы, педагогі, бацькі і ганаровыя госці, у ліку якіх быў старшыня Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. Пётр Леанідавіч павіншаваў школьнікаў, падзякаваў настаўнікам за сумленную працу з падрастаючым пакаленнем, бацькам пажадаў цярпення, а школе — далейшага росквіту.
Права падняць Дзяржаўны флаг Беларусі было дадзена найлепшым навучэнцам школы, пераможцам I і II этапаў рэспубліканскай алімпіяды — Уладзіславу Таболу, Даніілу Мажэйку і Дар’і Мышко.
Для Платона Рыжэвіча 1 Верасня стаў двайным святам: у дзень свайго нараджэння хлопчык стаў першакласнікам. Разам з ім яшчэ 25 дзетак упершыню пераступілі парог школы.
Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў і грашовымі прэміямі былі заахвочаны Лілія Брэская (настаўнік гісторыі) і Мікалай Атрахімовіч (настаўнік беларускай мовы і літаратуры).
Дырэктар школы Віктар Жук не без гонару адзначыў, што сваімі дасягненнямі школа можа пахваліцца не толькі ў навучальны перыяд, але і ў канікулярны. Адным з іх стала перамога каманды 6-класнікаў у складзе Пятра Дзевятоўскага, Кіры Зябчанкі, Мікіты Ліманоўскага і Марыі Шаколы (пад кіраўніцтвам Юліі Гваздзеўскай) у абласным анлайн-марафоне «Яркае лета». А праца летняга аздараўленчага лагера гэтай установы была прызнана найлепшай у раёне.
Школа ганарыцца і спартыўнымі перамогамі сваіх навучэнцаў. Залаты значок «Алімпійскія надзеі Беларусі» ўручылі актыўнай удзельніцы і пераможцы як школьных, так і абласных спаборніцтваў Кіры Зябчанцы. Юрый Брагін стаў уладальнікам сярэбранага значка «Спартыўная змена».
Адметным элементам у школьнай форме варапаеўскіх школьнікаў стаў значок з аўтарскай выявай будынка школы, якую распрацаваў 11-класнік Ілья Хахлун. Зялёны колер, які там пераважае, сімвалізуе пра наяўнасць у школе агракласаў. Па задумцы значок будзе садзейнічаць выхаванню ў вучняў гонару за іх установу адукацыі.
Свята 1 Верасня заўсёды застаецца незабыўным, радасным і ў той жа час хвалюючым. Няхай новы навучальны год стане для ўсіх плённым і багатым на веды, адкрыцці і дасягненні!
Крысціна Рубель. Фота аўтара