Нам важна быць адным цэлым
Сёння Беларусь у другі раз адзначае Дзень народнага адзінства — свята, устаноўленае ўказам Прэзідэнта ў чэрвені 2021 года. Па ўсёй краіне, у тым ліку і на Пастаўшчыне, праходзяць шматлікія святочныя мерапрыемствы. Што значыць для пастаўчан гэты дзень і як ставяцца яны да новага свята, напярэдадні высвятляла карэспандэнт «ПК» Алена Шапавалава.
Іна КРАЎЧУК, дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, спецыяліст раённай арганізацыі РГА «Белая Русь»:
— Дзень народнага адзінства — свята, якое кансалідуе грамадства. Таму яно вельмі важнае для ўсіх жыхароў рэспублікі. Хочацца, каб Беларусь і надалей заставалася моцнай, суверэннай, квітнеючай краінай, дзе людзі жывуць і працуюць пад мірным небам. Гэта асабліва актуальна сёння, калі так неспакойна каля нашых граніц.
Цудоўна, што свята, якое з’явілася ўсяго год назад, пачынае набываць традыцыі. Адна з іх — рэспубліканскі аўтапрабег, у якім удзельнічаюць і прадстаўнікі Пастаўскай раённай арганізацыі «Белай Русі». Сустракаючыся з яго ўдзельнікамі з іншых раёнаў, здорава знаходзіцца сярод патрыятычна настроеных людзей, бачыць іх шчырыя ўсмешкі і ўсведамляць сябе часткай аднаго цэлага. Увогуле, актывісты нашай арганізацыі прымаюць удзел у многіх важных мерапрыемствах. Сярод іх абласны марафон «Адзіны» і акцыя «17 імгненняў адзінства», якія прайшлі 1 верасня. Будзем мы і на ўрачыстым мітынгу ў суботу.
Юлія ЛАЗІКЕВІЧ, галоўны рэдактар рэдакцыі праграмы тэлебачання «Паставы ТБ»:
— 17 верасня я святкую дзень нараджэння, а з мінулага года гэта дата стала яшчэ і новым дзяржаўным святам. Яно толькі пачынае напаўняцца глыбокім сэнсам, традыцыямі і падзеямі — тым зместам, які паступова зробіць яго адрозным ад іншых свят і любімым мільёнамі беларусаў. Асабіста для мяне Дзень народнага адзінства — сімвал таго, што мы разам, усім народам аддаём свой голас за мір і спакой у нашай краіне. Гэта вернасць традыцыям і маральным каштоўнасцям, любоў да Радзімы, адкрытасць і шчырасць, наша гісторыя і наша памяць — менавіта тое, што нас аб’ядноўвае, нягледзячы на шматлікія выпрабаванні, дапамагло захаваць сваю самабытнасць і самастойнасць.
Хочацца прыгадаць радкі з вядомай песні: «Не знаю счастья большего, чем жить одной судьбой, грустить с тобой, земля моя, и праздновать с тобой». Са святам, дарагія землякі!
Антаніна КУХАЛЬСКАЯ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Пастаўскага дзяржаўнага каледжа:
— Дзень народнага адзінства — нагода задумацца пра значэнне памяці і важнасць уласнай гісторыі. Нам, педагогам, важна, каб кожны навучэнец каледжа, які, дарэчы, знаходзіцца на вуліцы са знакавай для ўсіх беларусаў назвай — 17 Верасня, знайшоў у гэтым свяце асабісты сэнс, навучыўся па-сапраўднаму любіць зямлю, на якой нарадзіўся і вырас, сваю краіну, ведаў яе гісторыю і культуру. Бо там, дзе не шануецца культурная і гістарычная спадчына, нязменна пачынаецца маральнае разлажэнне нацыі. Пра гэта пастаянна гавару моладзі. Працуючы з ёй, я і мае калегі разумеем, што нашы дзеянні павінны быць накіраваны на папярэджанне грамадскіх канфліктаў, сацыяльнай і палітычнай варожасці. Нам трэба навучыцца слухаць і чуць адно аднаго, паважаць розныя меркаванні, імкнуцца да згоды. І гэтаму вучыць у тым ліку названае свята. Хочацца, каб яно мацнела, набірала абароты, дапамагала выхоўваць у маладога пакалення найлепшыя грамадзянскія якасці.
Анастасія КАНЧАНІНА, навучэнка 11 класа гімназіі:
— Тое, што 17 верасня — важная дата для нашай краіны, я ведала яшчэ да таго, як у 10 класе пачалі праходзіць тэму ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Я жыва цікаўлюся гісторыяй роднай зямлі і працую над даследчымі праектамі, якія асвятляюць значныя падзеі ХХ стагоддзя. Таму для мяне гэты дзень, канешне ж, знакавы і святочны. Ён напамінае пра непахіснасць і самадастатковасць беларускага народа і дзяржавы, фарміруе ў нас, моладзі, пачуццё дачынення да лёсу краіны і кожнага яе грамадзяніна. Як і маім аднакласнікам і знаёмым, мне хочацца жыць у моцнай і мірнай Беларусі. А такое магчыма, толькі калі мы будзем адным цэлым, ведаць і памятаць нашу гісторыю.