Цыбулёнак Ганна Іванаўна – дырэктар Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза
Г. І. Цыбулёнак нарадзілася 16 снежня 1997 года ў Паставах. У 2017 годзе закончыла Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага па спецыяльнасці «Музыказнаўства». Зараз працягвае вучобу ў Інстытуце сучасных ведаў імя А. М. Шырокава на факультэце мастацтваў.
Працоўную дзейнасць пачала ў 2017 годзе ў Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза ў якасці настаўніка тэарэтычных дысцыплін. Праз 3 гады заняла пасаду намесніка дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце. 1 верасня 2022 года загадам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама па ўзгадненні са старшынёй раённага выканаўчага камітэта назначана дырэктарам Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза.
— Калі мне прапанавалі ўзначаліць школу, у галаве адразу з’явіліся думкі, з чаго пачаць і як, ці змагу кіраваць, павесці за сабой калектыў, — прызнаецца Ганна Цыбулёнак. — Я рэальна глядзела на рэчы і разумела, што гэта вялікая адказнасць перад вучнямі, бацькамі, калегамі. Першыя дні на новай пасадзе пераканалі: быць дырэктарам — значыць, вельмі шмат працаваць, у тым ліку над сабой, займацца самымі рознымі пытаннямі.
Канешне, кожнаму дырэктару хочацца, каб яго ўстанова заўсёды трымала высокую планку. І мы будзем старацца не апускаць яе: актыўна прымаць удзел ва ўсемагчымых конкурсах і фестывалях, выязджаць для гэтага ў іншыя гарады, каб нашы дзеці развівалі свае творчыя здольнасці, атрымлівалі бясцэнны вопыт выступленняў. Акрамя таго, штомесяц збіраемся праводзіць канцэрты ў сваёй школе. Першы, прысвечаны першакласнікам, адбудзецца ўжо ў кастрычніку. Таксама хочам наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва з агульнаадукацыйнымі школамі. У планах — адкрыць падрыхтоўчае аддзяленне для дзяцей 5-6 гадоў, якія яшчэ не вызначыліся са сваімі захапленнямі, пазнаёміць іх з музычнымі інструментамі, харавымі спевамі і танцамі.