12 сентября — День сотрудника органов предварительного следствия

Безопасность

Усе задачы па плячы

10 гадоў таму ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ў Беларусі быў утвораны Следчы камітэт, які аб’яднаў следчы апарат органаў пракуратуры з падраздзяленнямі папярэдняга расследавання сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэта дзяржаўнага кантролю. Вызначаны задачы новай структуры, асноўнымі з якіх з’яўляюцца ўсебаковае, поўнае, аб’ектыўнае і аператыўнае расследаванне злачынстваў, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, арганізацый і дзяржавы.

Сёння мы займаемся расследаваннем усіх катэгорый крымінальных спраў і праводзім праверкі па матэрыялах, якія адносяцца да выключнай падследнасці нашага камітэта. Яны датычаць ненатуральнай смерці грамадзян, атрыманых на вытворчасці траўм, злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці асобы і здзейсненых у дачыненні да непаўналетніх. Ніхто, акрамя следчых, не прымае рашэнняў па такіх матэрыялах, — зазначае выконваючы абавязкі начальніка Пастаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Мар’янкоў, з якім сустрэлася напярэдадні прафесійнага свята. І дадае: — Галоўнае — расследаваць усе справы аператыўна, у максімальна кароткі тэрмін, каб не ўпусціць на першапачатковым этапе доказы, якія ў далейшым могуць быць страчаныя. Не менш важная якасць расследавання, каб невінаваты чалавек не быў прыцягнуты да адказнасці. Таксама мы павінны садзейнічаць таму, каб асобы, якія пацярпелі ў выніку злачынстваў, атрымалі кампенсацыю за прычынены ім урон.

12 сентября — День сотрудника органов предварительного следствия
Аляксандр Мар’янкоў дае ўказанні Сяргею Вільтоўскаму і Аксане Зайцавай

З гэтым пастаўскія следчыя спраўляюцца добра. За мінулы год у раёне суд не вынес ніводнага апраўдальнага прыгавору ў адносінах да абвінавачваных асоб. Працэнт кампенсацыі ўрону пацярпелым на Пастаўшчыне адзін з самых высокіх у Віцебскай вобласці — каля 70. І паказчыкі службовай дзейнасці штомесяц паляпшаюцца.

Ці варта казаць, што за імі стаіць праца кожнага члена калектыву РАСК? Ён невялікі і вельмі вопытны. Акрамя начальніка і намесніка, у штаце 8 следчых, 4 з якіх старшыя. Сярод іх 5 маёраў і 2 падпалкоўнікі. 4 супрацоўнікі маюць каля 20 гадоў выслугі, 1 — амаль 30. Гэта людзі, адданыя прафесіі, якія дасканала ведаюць сваю справу. Ёсць сярод «аксакалаў» і малады спецыяліст — лейтэнант юстыцыі Аксана Зайцава. Яна служыць другі год, і за ёй у якасці настаўніка замацаваны маёр Сяргей Вільтоўскі. Ён усяляк дапамагае падапечнай, правярае яе справы, накіроўвае расследаванне ў патрэбнае рэчышча. Дзякуючы дапамозе настаўніка і іншых калег на вучэбна-метадычным зборы маладых следчых, які праходзіў на базе ўпраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці, Аксана ўвайшла ў тройку найлепшых і атрымала Падзяку начальніка ўпраўлення.

Кожны наш супрацоўнік у залежнасці ад яго прыродных асаблівасцей і ведаў у той ці іншай галіне вядзе сваю лінію злачынстваў, — расказваў пра падначаленых Аляксандр Мар’янкоў. Напрыклад, маёр юстыцыі Наталля Міснікевіч-Астаніна мае матэматычны склад розуму, вельмі скрупулёзная. Яна расследуе справы супраць эканамічнай бяспекі, інтарэсаў службы, карупцыйныя злачынствы. Падпалкоўнік Аляксандр Чатовіч зай­маецца расследаваннем злачынстваў супраць бяспекі дарожнага руху і эксплуатацыі транспарту, дзе ёсць пацярпелыя, якія атрымалі цяжкія ці менш цяжкія цялесныя пашкоджанні або загінулі. Гэта адны з самых складаных для даказвання спраў. Прыходзіцца дасканала выву­чаць следавую карціну, праводзіць вялікую колькасць следчых эксперыментаў, збіраючы па крупінках доказную базу. У кампетэнцыі маёра Святланы Паўловіч злачынствы, звязаныя з незаконнай міграцыяй. На Пастаўшчыне, паколькі гэта прыгранічны рэгіён, іх дастаткова шмат. Тут складанасць у тым, што падазраваныя і пацярпелыя — у асноўным замежныя грамадзяне і часцей за ўсё не ведаюць рускай мовы. Акрамя таго, каб сабраць усе доказы, трэба накіроўваць міжнародныя даручэнні ў іншыя дзяржавы. Аксана Зайцава вядзе кіберзлачынствы, здзейсненыя супраць інфармацыйнай бяспекі. Гэта таксама вельмі складаная і скрупулёзная работа, калі неабходна вывучаць і аналізаваць вялікі аб’ём інфармацыі: розныя дакументы, адказы банкаў і аператараў мабільнай сувязі. Сяргей Вільтоўскі расследуе агульнакрымінальныя справы: крадзяжы, грабяжы, пашкоджанні маёмасці грамадска небяспечным спосабам, злачынствы супраць асобы.

Сваёй правай рукой Аляксандр Сяргеевіч называе намесніка — падпалкоўніка Яўгенія Сінілу. Гэта самы вопытны сярод усіх следчых спецыяліст. Ён карыстаецца вялікай павагай у калектыве і лёгка вырашае любыя юрыдычныя пытанні. Не пазычаць прафесіяналізму і самому начальніку аддзела: да пераводу ў Паставы ён 15 гадоў аддаў рабоце ў аддзелах Следчага камітэта ў Віцебску і Чашніках.

Такому калектыву ўсе задачы па плячы.

Алена Шапавалава

***

Паважаныя супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта, ветэраны службы!

Віншуем вас з прафесійным святам!

Утварэнне 10 гадоў назад Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь і ўстанаўленне Дня супрацоўніка органаў папярэдняга следства — сведчанне важнасці работы, якой вы займаецеся. Яна адна з самых складаных і адказных. Вы рэалізуеце прынцып непазбежнасці пакарання, робіце ўсё для таго, каб злачынца быў знойдзены. Перад вамі стаяць важныя задачы — расследаванне і раскрыццё карупцыйных і падатковых злачынстваў, злачынных дзеянняў супраць асобы і дзяржавы, абарона правоў грамадзян. Упэўненыя, што вернасць абавязку і прысязе, прынцыповасць, патрабавальнасць і самаадданасць заўсёды будуць дапамагаць вам вырашаць іх на высокім якасным узроўні.

Шчыра жадаем усім супрацоўнікам аддзела моцнага здароўя, дабрабыту, ажыццяўлення намечаных планаў, задавальнення ад работы і далейшых поспехаў у адказнай і патрэбнай дзяржаве і людзям службе! Здароўя, міру і ўсяго самага лепшага ветэранам!

Сяргей Чэпік, старшыня раённага выканаўчага камітэта
Пётр Курто, старшыня раённага Савета дэпутатаў 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.