Тое, што нас яднае
17 верасня мінулага года беларусы ўпершыню адзначылі новае дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства. Указ аб яго заснаванні падпісаў Прэзідэнт краіны. Сёлета на Віцебшчыне напярэдадні святочнай даты запушчаны грамадзянска-патрыятычны марафон «Адзіны». Старт абласному праекту далі ўчора Паставы.
Распачаліся мерапрыемствы з самай раніцы. На школьных лінейках, прымеркаваных да Дня ведаў, усім першакласнікам уручылі беларускія флажкі. У СШ №1 навучэнцаў аб’яднаў адкрыты дыялог «Адзінства моладзі — сіла Беларусі», а ў гімназіі адбыўся інтэрнэт-чэлендж «17». Менавіта ў такую лічбу выстраіліся школьнікі і сфатаграфаваліся з дапамогай квадракоптара, а потым размясцілі здымак у «Інстаграме» на старонцы райкама БРСМ. Яшчэ адна ініцыятыва грамадскай маладзёжнай арганізацыі — акцыя «Роднае-народнае», падчас якой актывісты раздалі ўсім ахвотным стужкі з нацыянальным арнаментам. Звярталі на сябе ўвагу і шматлікія тэматычныя лакацыі. А гэта выстава-панарама «У адзінстве наша сіла!» каля раённай бібліятэкі і кніжная вітрына «Беларусь: стагоддзі, гады, дні…» ля дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі. Раённы краязнаўчы музей падрыхтаваў выставу «Пра Радзіму, пра мужнасць, пра славу…», а дзіцячая школа мастацтваў імя А. Ромера — тэматычную выставу малюнкаў «Мой народ — мой гонар».
Самая відовішчная дзея адбылася пасля абеду на плошчы Камсамольскай. Тут сабраліся прадстаўнікі раённай улады і сілавых структур, грамадскасць і навучэнцы ўстаноў адукацыі райцэнтра. Усе разам выканалі Дзяржаўны гімн Беларусі, наталіліся цудоўнай канцэртнай праграмай, кожны гук і кожнае слова якой усхвалялі нашы дзяржаўныя сімвалы, сэрцу любую прыгажосць Радзімы і яе працавіты народ. Па крузе гонару былі пранесены сімвалы патрыятычнага марафону — Дзяржаўны флаг і льняны ручнік. Гэта місія выпала навучэнцам патрыятычнай групы СШ №4, старшыні пярвічнай арганізацыі ветэранаў-ракетчыкаў Юрыю Копасаву і кіраўніку народнага клуба «Майстры» Дома рамёстваў Алене Крывенькай.
Завяршылася мерапрыемства аўтапрабегам. На мяжы Пастаўскага і Браслаўскага раёнаў эстафета была перададзена нашым суседзям — браслаўчанам.
Завершыцца марафон 17 верасня ў Віцебску. На цэнтральнай плошчы сцяганосец Віцебскага раёна перадасць абласному цэнтру дзяржаўны сімвал Беларусі і ўсе сабраныя ў рэгіёнах ручнікі. Таксама тут адбудзецца марш-парад флагаў нашай краіны з усіх раёнаў Прыдзвіння.
Вераніка Філановіч