Фінішавалі з рэкордамі
Жніво ў ААТ «Хацілы-агра» прайшло на адным дыханні — без затрымак і прастояў. За 20 дзён тут убралі збожжавыя з усёй планавай плошчы. З кожнага гектара атрымалі 68,1 цэнтнера. Намалацілі 13 150 тон зерня. Поўнасцю выканалі дзяржзаказ, паставіўшы на хлебапрыёмнае прадпрыемства 900 тон пшаніцы 3-га класа.
У пятніцу ва ўрочышчы Шылаватае камбайны дажыналі апошнія гектары збажыны. А старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілій Катовіч прыехаў уручыць дыпломы чарговым тысячнікам. Сёлета імі сталі 10 камбайнераў з 11-ці і 8 механізатараў, задзейнічаных на перавозцы збожжа. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Вячаслаў Крыштафовіч падзякаваў усім удзельнікам жніва за напружаную працу, за тое, што жніво завяршылі ў сціслыя тэрміны і першымі ў раёне.
Хлебаробам нават не верылася, што самая адказная з сезонных работ — уборка — за плячыма і яны вернуцца дадому завідна. Яшчэ ў пачатку жніва вельмі хваляваліся, што дажджы могуць перашкодзіць сабраць вырашчанае. Было шмат палегліцы, і гэта замаруджвала тэмпы. Свае тысячныя намалоты камбайнеры ацэньвалі сціпла, маўляў, гэта вынік калектыўнай працы. Яны адзначылі, што з боку кіраўніцтва гаспадаркі, інжынернай і агранамічнай службаў усё было прадумана да дробязей: не ўзнікала затрымак ні з транспартам для адвозкі і перавозкі збожжа, ні з запчасткамі, ні з іншымі пытаннямі. Тут дасканала распрацаваны ўмовы спаборніцтва і сістэма аплаты працы. За дзень кожны зарабляў у сярэднім 150 рублёў, асобныя — нават 250, таму быў стымул старацца.
— Высокая аддача хлебнай нівы — гэта вынік строгага выканання тэхналогіі вырошчвання зерневых культур, выкарыстання комплексу сучасных машын і механізмаў, шчырай паўсядзённай працы механізатараў на падрыхтоўцы глебы і сяўбе, доглядзе пасеваў, уборцы ўраджаю, — зазначыў Вячаслаў Крыштафовіч, для якога гэта жніво 23-е па ліку з таго часу, як ён кіруе гаспадаркай. — Сёлета былі задзейнічаны два новыя камбайны, дасканала падрыхтаваны і іншыя. Атрыманню 68 цэнтнераў з гектара паспрыяла і надвор’е. Ад яго вельмі шмат залежыць у сельскай гаспадарцы.
ААТ «Хацілы-агра» спецыялізуецца на вырошчванні элітнага насення азімых і яравых збожжавых, таму тут сеюць толькі суперэлітнае насенне. Глеба атрымлівае дастатковую колькасць калійных, фосфарных і азотных удабрэнняў, арганікі. Стараюцца людзі. Камбайнеры Мікалай Пабядзінскі, Мікалай Чашун, Андрэй Волк, Міхаіл Субач, Валерый Ярашэвіч, Уладзімір Банькоўскі маюць багаты вопыт работы. Раўняюцца на іх і маладыя: Аляксандр Буча, Аляксей Власаў, Аляксей Мароз, Арцём Чашун.
З завяршэннем жніва на палетках гаспадаркі камбайны пераехалі на прысядзібныя ўчасткі хацілаўцаў. Нават на кароткачасовую перадышку часу няма: саспеў яравы рапс, рыхтуецца глеба пад сяўбу азімых. Затым — іх сяўба, уборка бульбы, кукурузы на сілас і шмат іншай работы.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара