З ворагам змагалася ўся сям’я
Гістарычная памяць важная для любога народа, які хоча захаваць сябе і мець будучыню. Гэта тое, што закладзена ў нас генетычным кодам продкаў. Калі ты не ведаеш, адкуль родам, не паважаеш продкаў, то хто ты? Пастаўчанка Ала Барысава добра гэта разумее і глыбока ўнікае ў гісторыю свайго роду. Падчас сустрэчы з ёй мяне глыбока ўразіла вялікая дасведчанасць гэтай жанчыны, шмат матэрыялаў і фотадакументаў пра род Казлоўскіх, з якога яна паходзіць. З дазволу Алы Іванаўны я выкарыстала некаторыя з іх пры падрыхтоўцы гэтай публікацыі.
Яшчэ ў дарэвалюцыйныя гады ў вёсцы Дзянісавічы Крупскага раёна Мінскай вобласці была створана сям’я Емяльяна і Ульяны Казлоўскіх. У іх нарадзілася 6 дзяцей: Вольга, Ганна, Мікалай, Праскоўя, Дзмітрый і Міхаіл. Бацька працаваў старшынёй сельскага Савета. Сям’я жыла вельмі бедна. Падчас правядзення калектывізацыі ён заступіўся за адну бедную мнагадзетную сям’ю, за што і паплаціўся: у 1930 годзе Емяльяна Казлоўскага арыштавалі і пасадзілі ў турму ў Барысаве. Праз тры гады ён там памёр. Жонцы паведамілі пра гэта, але з-за неймавернай беднасці паехаць у Барысаў і забраць цела яна не змагла. Усе шасцёра дзяцей засталіся на руках Ульяны, старэйшай дачцэ было 12 гадоў, малодшаму сыну — каля 5-ці. Час быў складаны і небяспечны. У сям’і забаранялася гаварыць пра бацьку, яго работу і арышт. Стаўшы дарослымі, унукі Ульяны і Емяльяна пачалі шукаць дакладныя звесткі пра тое, што ўсё-такі адбылося з дзедам. Звярталіся ў Цэнтральны архіў Рэспублікі Беларусь, архіў КДБ, Барысаўскі райвыканкам, архіў горада Крупкі. Аднак адусюль атрымлівалі адказ, што звестак не маюць.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўсе дзеці Казлоўскіх працавалі ў калгасе. Ала Барысава ўспамінае: «Мая маці Ганна ў 1939 годзе па пуцёўцы ад калгаса вучылася ў Барысаўскай школе жывёлагадоўлі. Тут і застала яе вайна. Вярнулася дадому. Вясковая моладзь стала аб’ядноўвацца ў групы і дапамагаць партызанам прадуктамі, цёплым адзеннем, зброяй, перадавала звесткі пра ворага».
У маі 1942 года Ганна стала партызанкай-разведчыцай, выконвала складаныя і адказныя заданні камандзіра: раздабывала звесткі пра нямецкі гарнізон, які размяшчаўся ў Дзянісавічах, перадавала партызанам медыкаменты і важныя данясенні. Ад сувязных падпольнага радыё атрымлівала зводкі Савінфармбюро і прыносіла іх у атрад. Уганаравана ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «Партызану Айчыннай вайны» II ступені. Вось што гаварылася ва ўзнагародным лісце: «Казлоўская Ганна дастаўляла дакладныя разведданыя, па якіх атрад паспяхова здзяйсняў баявыя аперацыі — разгром нямецкага гарнізона на ст. Слаўнае. Здабытыя Ганнай у Барысаве даныя перадаваліся ў штаб Заходняга фронту. Удзельнічала ў абстрэле нямецкага ваеннага эшалона з жывой сілай, у пуску пад адхон эшалона праціўніка. З пачатку арганізацыі брыгады актыўна ўдзельнічала ў якасці разведчыцы штаба ў фарміраванні атрадаў і зборы груп, якія ў раздробненым стане знаходзіліся ў пяці раёнах…»
Старэйшая дачка Казлоўскіх, Вольга, скончыла Барысаўскую школу медсясцёр і працавала ў санаторыі «Баркоўшчына» Ушацкага раёна. З пачатку вайны ўдзельнічала ў абаронных работах у Маскоўскай вобласці. А ў 1942—1944 гадах працавала медсястрой у эвакуацыйным шпіталі ў г. Шуя Маскоўскай вобласці. Паток раненых рос з кожным днём. Асабліва вялізным ён быў пасля баёў пад Масквой. Медыкі на сваіх рабочых месцах кругласутачна здзяйснялі сапраўдны подзвіг, ратуючы жыцці абаронцаў Айчыны.
З-за таго, што Ганна стала партызанкай, іх сям’я была занесена фашыстамі ў спіскі для расстрэлу. Але ўсе паспелі перабрацца да партызан. Змагаліся з ворагам у партызанскіх атрадах браты Дзмітрый, Мікалай і Міхаіл. Іх сястра Праскоўя была пастаяннай сувязной атрада «Гвардзеец», які спачатку дзейнічаў у раёне возера Палік, а пазней — на тэрыторыі Халопеніцкага раёна. Да самага вызвалення Крупак ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў знаходзілася ў партызанскім атрадзе і іх маці Ульяна. Зараз нават цяжка ўявіць, як людзі круглы год, асабліва зімой, выжывалі ў лесе. А якой трывогай напаўнялася сэрца маці, калі яе дзеці адпраўляліся на чарговае заданне!
Асобна варта сказаць пра тое, што ў партызанскім атрадзе Ганна сустрэла сваё каханне. Гэта быў камандзір атрада Іван Ільін. Пасля заканчэння Арэнбургскага ваеннага вучылішча ён накіроўваўся для праходжання службы на заходнюю граніцу краіны. Але даехаць не давялося: пачалася вайна, пад Кіевам фашысты разбамбілі поезд. Іван зведаў цяжар адступлення, атрымаў два раненні, лячыўся ў шпіталях. А ў 1942-м яго дэсантавалі ў Крупскі раён для арганізацыі партызанскага руху. Яшчэ да вайны, у 1939 годзе, у Івана памерла жонка. Дачку Тамару ён пакінуў на выхаванне сваім састарэлым бацькам. І Ганна Казлоўская нарадзіла ад Івана дачку Алу. Але сям’я ў іх не склалася. Жанчына да паўналецця дачкі ўвогуле ўтаіла ад яе тое, што тата жывы. Былыя партызаны, якія часта прыязджалі да яе, у прысутнасці дзяўчынкі ніколі не гаварылі на гэту тэму. Пазней Ала даведалася, што пасля вайны Іван Ільін не раз прыязджаў да яе мамы, прапаноўваў сысціся. Але тая не згадзілася, хаця і кахала яго ўсё жыццё. Іван вучыўся ў Мінскай вышэйшай партыйнай школе. Прывёз са сваёй радзімы — Саратаўшчыны — жанчыну, якая і выгадавала Тамару. Але ажаніўся ён не з ёй, а з абранніцай, на два гады маладзейшай за Тамару. З новай жонкай у іх нарадзілася яшчэ двое дзяцей.
Пасля заканчэння вайны ўсе Казлоўскія, ужо з жонкамі, мужамі, а некаторыя і з дзецьмі вярнуліся ў бацькоўскі дом. Пачалі абжывацца, будаваць сваё жыллё. А ў Ганны — ні кала ні двара, толькі дзіця на руках. Прыняла да сябе старэйшая сястра, Вольга. Ганна з дачушкай жыла ў яе да 1957 года. А брат Міхаіл, які працаваў лесніком, дапамог Ганне пабудаваць дом на станцыі Крупкі. Яна ні з кім не звязала свой лёс, адна выхавала дачку. Ала закончыла педінстытут і настаўнічала ў Крупках. Тут сустрэла свайго будучага мужа і выйшла за яго замуж. У 1971 годзе пераехалі на яго радзіму — у Паставы. 23 гады адпрацавала ў органах дзяржаўнага кіравання. Адна дачка Алы Іванаўны — настаўніца, другая — фельчар. Мае 4-х унукаў.
Але Барысавай пашанцавала сустрэцца ў Паставах з камандзірам 8-й партызанскай брыгады Сяргеем Жуніным, у складзе якой ваявалі яе маці і бацька. Жунін падарыў ёй сваю кнігу «Ад Дняпра да Буга» — мемуары пра баявы шлях брыгады, гераізм яе байцоў і камандзіраў. І яшчэ адна незабыўная сустрэча адбылася ў жыцці Алы Іванаўны: яе адшукала зводная сястра Тамара, якая жыла ў Віцебску. Прыехала ў Паставы. Прывезла фотаздымкі бацькі, выразкі з газет, шмат расказвала пра яго. Праўда, у сэрцах сясцёр засталася крыўда на бацьку, паколькі адна з іх была абдзелена яго клопатам і любоўю, а другая ўвогуле не зведала іх. Але ён даў ім жыццё.
Пасля вайны Іван Ільін займаўся партыйнай работай на Гродзеншчыне, потым узначаліў калгас пад Маладзечнам. Да яго баявых узнагарод дабавіўся «мірны» ордэн «Знак Пашаны». Затым пераехаў у Калінінградскую вобласць, там загадваў аддзяленнем саўгаса. Выйшаўшы на пенсію, стаў фермерам.
Нельга не ўзгадаць і свёкра Алы Іванаўны — Панцялея Барысава. Пасля заканчэння Казанскага танкавага вучылішча з красавіка 1942 года ён камандаваў танкавым узводам на 2-м Беларускім фронце. Адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Удзельнічаў у парадзе Перамогі ў Маскве.
Што да сям’і Казлоўскіх, то пасля Вялікай Перамогі ўсе шасцёра дзяцей Емяльяна і Ульяны, кожны з якіх змагаўся з ворагам, знайшлі сваё годнае месца ў мірным жыцці. Стваралі сем’і, выхоўвалі дзяцей, шчыра працавалі на розных участках народнай гаспадаркі. Зараз ужо нікога з іх няма ў жывых. Але род працягваюць унукі. Усяго іх было 15, засталося 10, у тым ліку і Ала Барысава.
— Нізка схіляю галаву перад памяццю маёй бабулі Ульяны, — гаварыла жанчына. — Нават пасля несправядлівага арышту мужа яна не пераставала верыць у савецкую ўладу. У неймаверна цяжкі час усіх сваіх дзяцей не толькі паставіла на ногі, але і выхавала сапраўднымі патрыётамі. Ганаруся сваімі цёткамі і дзядзькамі, якія змагаліся з ворагам, шаную іх памяць. Спадзяюся, што і мае дзеці, унукі пранясуць яе праз дзесяцігоддзі.
Няхай так і будзе.
Фаіна Касаткіна