Сабраў настаўнікаў галоўны педсавет
У пятніцу ў раённым Доме культуры прайшла жнівеньская педагагічная канферэнцыя
Разам з работнікамі ўсіх устаноў адукацыі Пастаўшчыны на канферэнцыю былі запрошаны ганаровыя госці — прадстаўнікі мясцовай улады на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Пятром Курто. Перад імі выступіў з дакладам начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава. Ён расказаў, што ўяўляе сабой сістэма адукацыі раёна і над вырашэннем якіх задач працавалі педагогі ў мінулым навучальным годзе. У прыватнасці, падрабязна прааналізаваў выхаваўчую работу ў падведамных установах, асобна спыніўшыся на прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці і проціпраўных паводзін непаўналетніх. Вялікая ўвага была ўдзелена аналізу адукацыйнага працэсу і дасягненням навучэнцаў у прадметных алімпіядах і іншых інтэлектуальных спаборніцтвах. Не абмінуў увагай Павел Юр’евіч таксама пытанні летняга аздараўлення школьнікаў і падрыхтоўкі ўстаноў да новага навучальнага года, расказаў пра новаўвядзенні, якія чакаюць з 1 верасня настаўнікаў і вучняў, акрэсліў задачы на перспектыву.

Вопытам работы па ўкараненні навацыйных падыходаў ў навучанні і выхаванні з мэтай павышэння якасці адукацыі падзяліўся дырэктар Пастаўскай гімназіі Славамір Каранеўскі. Пра традыцыйны і сучасны падыходы ў арганізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Наталля Семянас. А намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада №5 Святлана Карпава распавяла пра арганізацыю міжведамаснага ўзаемадзеяння па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях».

Па традыцыі на канферэнцыі прысутнічалі маладыя педагогі, якія ў жніўні папоўнілі настаўніцкую сям’ю раёна. Гэта Вераніка Ясінская, Карына Куранова, Наталля Танана, Лізавета Кавалёва, Рэната Зелянкевіч і Анастасія Вішнеўская. Ужо заўтра яны пачнуць работу ў якасці настаўніц пачатковых класаў і замежнай мовы, а таксама педагогаў-арганізатараў у СШ №№ 2, 3, 4, гімназіі, Камайскай сярэдняй школе і раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Кожнага маладога спецыяліста прадставілі асобна і, запрасіўшы на сцэну, уручылі прывітальны адрас аддзела па адукацыі і райкама Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. З віншаваннямі і пажаданнямі да іх звярнулася дырэктар СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Наталля Кісялёва.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў з надыходзячым Днём ведаў педагогаў павіншаваў Пётр Курто. Пётр Леанідавіч уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама Наталлі Кісялёвай, загадчыцы ясляў-сада №4 Святлане Нагановіч і дырэктару Лынтупскай ЯССШ Наталлі Кузьміновай, Падзякі старшыні райвыканкама — настаўніцы матэматыкі СШ №4 Наталлі Ожаль і бібліятэкару гэтай школы Святлане Кундры, выкладчыку працоўнага навучання СШ №2 Пятру Дзевятоўскаму. Граматамі аддзела па адукацыі ўзнагароджаны прыёмная маці Ганна Шарыпкіна і настаўніца пачатковых класаў другой гарадской школы Ірына Асяненка.
Цудоўным падарункам усім педагогам сталі музычныя нумары школьнікаў і выступленні выхаванцаў дзіцячага сада №5. На працягу канферэнцыі ў фае Дома культуры працавала выстава, прысвечаная Году гістарычнай памяці.
Алена Шапавалава. Фота аўтара