Нялёгка тысяча далася
У ААТ «Навасёлкі-Лучай» жніво стартавала на вайцяхоўскіх землях. А яны гліністыя. Прайшоў дождж — і пачаліся праблемы. З-за таго, што тэхніка буксавала, нерваваліся камбайнеры. За дзень кожны з іх намалочваў не больш за 20 тон. Тым не менш 1 000 гектараў азімай пшаніцы, якая там расла, убралі. Калі пераехалі на іншыя палі, настрой палепшыўся. Нарэшце з’явіліся першыя тысячнікі. Сярод камбайнераў гэта Віктар Рогаў і Артур Вартазаран.

Віктар у панядзелак убіраў ячмень каля Цешалава.
— Здавалася б, надвор’е стаіць сухое, а тысяча ўсё роўна далася нялёгка, — дзяліўся ён. — Я 14-ы сезон убіраю, і кожны складаны па-свойму.
Артура сустрэлі ў пачатку зжатага поля каля Калінаўкі.

— Невялікая паломка, — засмучана тлумачыў камбайнер. — Чакаю дапамогі. Наша сэрвісная служба акажа ўсе паслугі прама на месцы.
Пакуль тысячнік прымаў віншаванні ад райкама прафсаюза работнікаў АПК, у поле прыехалі галоўны інжынер гаспадаркі Яўгеній Вішнеўскі і газазваршчык Генадзій Мацур. Няспраўнасць хутка ўхілілі — і Артур зноў уключыўся ў работу.
Вадзіцель Генадзій Літвіновіч адвозіў збожжа ад камбайнаў, якія ўбіралі каля Ліпаўкі.

— Дзякуючы ГАЗу-САЗу перавёз тысячу, — спісвае дасягненне на тэхніку вадзіцель. — Машыну атрымаў 4 гады таму. Летась да 1 000 не хапіла 20 тон. Сёлета кампенсую недабор.
ААТ «Навасёлкі-Лучай» ад фінішу ўборкі аддзяляюць каля 700 га. Ураджайнасць добрая, таму тысяча павінна пакарыцца яшчэ некалькім камбайнерам і вадзіцелям.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара