Для іх старанная праца – добрая звычка
Вельмі многія камбайнеры і вадзіцелі ААТ «Навасёлкі-Лучай» з года ў год у ліку тысячнікаў. Сёлета першымі па 1 000 тон намалацілі Віктар Рогаў і Артур Вартазаран, перавёз вадзіцель Генадзій Літвіновіч. Літаральна праз дзень тысячнага намалоту дасягнулі Віталій Смолка і Генадзій Анкудовіч.
— Усе камбайны размеркаваны па розных аддзяленнях, — расказваў Віталій. — Я спачатку ўбіраў менш ураджайныя ўчасткі, штодня намалочваў усяго 20-30 тон і, прызнацца, на тысячу не разлічваў. А пераехалі на пшаніцу з важкім коласам — стала весялей: па 100 і больш тон запісваў на свой рахунак. Так тысяча і атрымалася.
Генадзій Анкудовіч — ураджэнец Норыцы. Доўгі час жыў у Глыбоцкім раёне. Летась перабраўся ў Навасёлкі. І сёлета на камбайне з 10-метровай жняяркай абышоў нават тых, у каго яна шырэйшая.
— Мне далі камбайн, на якім шмат гадоў працаваў Віктар Рогаў, а ён тэхніку беражэ, — дзяліўся Андрэй. — Работа для мяне прывычная — на жніве быў задзейнічаны і раней. Тысячу «браў» пастаянна.
Уладзімір Праліч у жніво ўключыўся адным з апошніх: усе ўбіралі зерневыя, а ён яшчэ трамбаваў зялёную масу з другога ўкосу траў у сянажныя траншэі.
— Фатаграфавацца буду толькі з памочнікам Уладзіславам Івановым, — гаварыў Уладзімір Праліч. — Яго заслуга немалая, што мы змаглі ўвайсці ў пяцёрку тысячнікаў гаспадаркі.
Пастаяннае месца работы Антона Мацура — Пастаўскі мэблевы цэнтр. Сёлета ўзяў водпуск і па дагаворы ўладкаваўся ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» на час жніва. Некалі тут быў памочнікам у дзядзькі. Разам з Андрэем Врублеўскім папрацаваў некалькі дзён. Затым Андрэй перасеў на трактар з сеялкай, а Антон на яго «Лідзе» самастойна ўбіраў збажыну. І паспяхова перакрыў тысячны рубеж.
Алег Чумакоў і Яўгеній Грышчанка стараюцца на любой рабоце. Не выключэнне і жніво. І хоць здараліся дробныя паломкі камбайна, сталі тысячнікамі.
Рупіліся на адвозцы збажыны вадзіцелі. Як і ў мінулыя гады, першымі па тысячы тон перавезлі Генадзій Літвіновіч і Аляксандр Мацур. Хутка да іх далучыліся Георгій Гваздоў, Ігар Савуць, Віктар Бандарэнка, Сяргей Варашкевіч.
Са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіліем Катовічам за час жніва я пабывала на многіх палях гаспадаркі, так як тэхніка працуе ў розных аддзяленнях. Усюды бачыла зладжаную работу, зацікаўленасць людзей у якасным правядзенні ўборкі зерневых і зернебабовых. Для кожнага з іх старанная праца — добрая звычка, а словы падзякі і ўзнагароды — прыемны момант у бурлівым працоўным жыцці.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара