Творчыя, актыўныя, нястомныя, спартыўныя сабраліся ў чацвер на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі».
Турзлёт ладзіўся для людзей залатога ўзросту, якія не жадаюць сядзець на канапе і гатовыя адпачываць актыўна. На яго прыехалі наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Міёрскага, Глыбоцкага і нашага тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мерапрыемства было прымеркавана да Года гістарычнай памяці.
Удзельнікаў турзлёту віталі старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Алена Няфёдава, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч і начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Вячаслаў Врублеўскі.
Праграма спаборніцтваў была насычанай: каманды прадстаўлялі сябе, удзельнічалі ў турыстычнай эстафеце, дэманстравалі меткасць у гульні у дартс, спявалі песні ваенных гадоў, гатавалі стравы беларускай кухні. Кожнае заданне ўдзельнікі выконвалі з азартам.
— У рамках выканання Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце-2030» мы імкнёмся больш увагі ўдзяляць людзям пажылога ўзросту, — гаварыла дырэктар Пастаўскага ТЦСАН Марыя Ракоўская. — У нашым цэнтры для іх ладзяцца розныя мерапрыемствы. Прыцягваем і да заняткаў спортам. Гэта дае магчымасць павысіць якасць жыцця нашых наведвальнікаў. Прыемна, што яны лёгкія на пад’ём, з энтузіязмам прынялі запрашэнне да ўдзелу ў турзлёце. Яго праводзім не першы раз. Задаволеныя ўсе.
Пастаўскі ТЦСАН прадстаўлялі дзве каманды ў складзе наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту з Пастаў і Лынтуп. Гонар пастаўчан абаранялі Людміла Нусіна, Алена Фадзеева, Людміла Касарэўская, Ірына Кінёва, Людміла Лысёнак, Ала Руднева, Эліта Мурзёнак, лынтупчан — Алена Мудрая, Галіна Чычэль, Вольга Махрова, Лілія Мініковіч, Она Ламага і Станіслава Лукшэне.
Па выніках спаборніцтваў 1-е месца журы прысудзіла камандзе з Глыбокага, 2-е — лынтупчанам, 3-е падзялілі паміж сабой міёрцы і пастаўчане. Пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі, кожны ўдзельнік — сувенір.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара