Профсоюзы ежедневно выезжают на поля хозяйств для мониторинга выполнения требований по охране труда

Сельское хозяйство

Увага – на бяспеку працы

Жніво ў разгары, а прафсаюзныя лідары раённага аб’яднання прафсаюзаў штодзённа выязджаюць на палі гаспадарак, каб праманіторыць выкананне патрабаванняў па ахове працы.

У аўторак старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая, прафсаюзны інспектар па ахове працы Міхаіл Ахмадзееў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілій Катовіч пабывалі ў ААТ «Камайскі-агра» і «Хацілы-агра».

На тэрыторыі зернесушыльнага комплексу ў Камаях — горы залацістай пшаніцы. Амкадор загружае збожжа ў кузаў аўтамабіля, які дастаўляе яго да сушылкі. Яна працуе кругласутачна. На дзяжурстве ў той дзень быў аператар Юрый Вербіловіч. Васілій Катовіч пацікавіўся аб’ёмамі перапрацоўкі, Міхаіл Ахмадзееў агля­дзеў пажарны шчыт. На дадзены момант інжынер па тэхніцы бяспекі Арцём Жыдкоў звальняецца з гаспадаркі, таму перадае свае паўнамоцтвы Алене Працуковіч. Яна ўнікае ў сутнасць спраў, задае шмат пытанняў прафсаюзнаму інспектару. Адчуваецца, што жанчына адказная і зацікаўленая ў тым, каб выконваліся ўсе патрабаванні па тэхніцы бяспекі.

Профсоюзы ежедневно выезжают на поля хозяйств для мониторинга выполнения требований по охране труда
Міхаіл Ахмадзееў дае тлумачэнні Алене Працуковіч па абсталяванні пажарнага шчыта на зернесушыльным комплексе ў ААТ «Камайскі-агра»

ААТ «Камайскі-агра» — вялікая гаспадарка. На жніве ў ёй задзейнічана 10 камбайнаў. Чатыры з іх у аўторак працавалі ў дварчанскім аддзяленні. Важкі колас пшаніцы сведчыць пра добры ўраджай. Камбайнер Ігар Кузьміч падаў сігнал, што бункер поўны. Пакуль збожжа ссыпалася ў кузаў аўтамашыны, прадстаўнікі прафсаюза праверылі тэрмін прыгоднасці вогнетушыцеля, аптэчку, распыталіся ў механізатара пра харчаванне. А ён усім задаволены: абеды смачныя, пітной вадой забяспечаныя. Ды і надвор’е апошнім часам было неспякотнае. А галоўнае — радуе ўраджай. У адзін з дзён Ігар намалаціў 116 тон. Амаль па сотні было і ў многіх яго калег.

На дапрацоўцы збожжа ў ААТ «Хацілы-агра» дапамагаюць студатрадаўцы. У той дзень змена — а гэта 5 чалавек — працавала на падлогавых сушылках. Хлопцы і дзяўчаты ў ахоўных акулярах і масках пералапачвалі зерне. Іна Далецкая пацікавілася правядзеннем для іх інструктажу па тэхніцы бяспекі, распарадкам рабочага дня, якасцю харчавання. Маладыя людзі актыўна адказвалі на пытанні, прызналіся, што працаваць нялёгка. Але кожны з іх прыйшоў сюды, каб падзарабіць.

На полі каля Русакоў хацілаўскія камбайнеры ўбіралі пшаніцу. На краі поля механізатары на трактарах чакалі сігналу ехаць на загрузку. Паміж імі адчуваецца дух спаборніцтва: каму ж першаму пакарыцца тысяча тон намалочанага або перавезенага збожжа. Хлебаробы сцвярджалі, што кіраўніцтва гаспадаркі клапоціцца пра работнікаў і забяспечвае ўсім неабходным. Справа — толькі за надвор’ем. Калі яно паспрыяе, вырашчаны багаты ўраджай будзе своечасова ўбраны і захаваны без страт.

— Выкананне заканадаўства аб ахове працы ў прафсаюзаў — на пастаянным кантролі, — гаварыла Іна Далецкая. — Яшчэ да пачатку жніва праманіторылі ўсе сельгас­прадпрыемствы, выдалі рэкамендацыі і ўказалі тэрміны па ўхіленні выяўленых недахопаў. Наша задача — правяраць умовы, у якіх працуюць хлебаробы. На жаль, як паказвае практыка, менавіта ў аграпрамысловым комплексе найчасцей здараюцца няшчасныя выпадкі на вытворчасці. Прычыны іх розныя: адсутнасць бяспечных умоў працы, ігнараванне правілаў тэхнікі бяспекі. Таму вядзём растлумачальную работу і стараемся дапамагчы вырашыць праблемныя пытанні.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.