Прихожанки костёла Святого Михаила Архангела в Воропаево благоустроили территорию возле храма

Духовность

Знак праслаўлення Бога

— Вы даўно былі каля нашага касцёла? — спытала аднаго разу старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская. — Загляніце калі-небудзь. Гэта своеасаблівы астравок прыгажосці ў гарпасёлку.

Пад’язджаю да святыні, і погляд спыняецца на вялікай дагледжанай тэрыторыі: акуратна скошаны газон, мноства зялёных насаджэнняў, яркіх кветак. На клумбах шчыруюць жанчыны. Некаторыя — немаладога ўзросту. Знаёмлюся. Ванда Лапачонак восенню адзначыць 80-годдзе з дня нараджэння. Кветкі на ўчастку, які яна даглядае, першымі сустракаюць вернікаў ля ўваходу ў касцёл. Ванда Іванаўна падрабязна расказвае пра сарты, асаблівасці догляду розных кветак. Як і любую расліну, іх трэба своечасова пасеяць ці пасадзіць, перасадзіць, падкарміць, паліць, сабраць насенне. Сцвярджае, што за любімым заняткам не адчувае ні ўзросту, ні стомленасці.

Прихожанки костёла Святого Михаила Архангела в Воропаево благоустроили территорию возле храма

— Доглядам кветак на прыкасцельнай тэрыторыі займаюцца 20 пастаянных парафіянак, — расказвала старшыня касцельнай рады Раіса Казаровец. — Яны цвітуць у нас з ранняй вясны да позняй восені. Гэта белыя пралескі, цюльпаны, нарцысы, лабеліі, петуніі, аднагадовыя флёксы, цыніі, астры, аксаміткі. Добраўпарадкаваннем тэрыторыі займаецца і ксёндз-пробашч Эдуард Сінкевіч. Восенню шмат клопату з уборкай лісця, якім літаральна засыпаны сцежкі.

Ганна Шкорнік адказная за аздабленне тэрыторыі вакол крыжа. Галіна Прышчэпава звычайна прыходзіць з суседкай Лёляй Сакалоўскай, разам яны наводзяць парадак на замацаваных за імі клумбах. Ганна Траяноўская — на пенсіі, але прадаўжае працаваць медсястрой у мясцовай паліклініцы. Знаходзіць час і на догляд кветак ля касцёла. Прыга­жосць, створаная ўласнымі рукамі, прыносіць задавальненне Валянціне Ламачэўскай, Вандзе Сакаловай, Людміле Батуры, Тэрэсе Красоўскай, Вандзе Танане, Яніне Шафаровіч, Ліліі Кіёнак, Ірыне Гузаравай, Вользе Руткоўскай і іншым.

Прихожанки костёла Святого Михаила Архангела в Воропаево благоустроили территорию возле храма

— Мінула 25 гадоў, як касцёл пабудаваны, — гаварыла Галіна Прышчэпава. — Сама, чым магла, дапамагала на яго ўзвядзенні. Светлай памяці ксёндз Юозас Булька, які тады апекваўся над храмам, прывёз нам розных гатункаў туй, лілей для аздаблення вадаёма, іншых раслін. Раней для навядзення тут парадку збіраліся на суботнікі. Але людзей прыходзіла мала. Тады вырашылі за кожным замацаваць канкрэтны ўчастак: нехта даглядае яго ­адзін, нехта — разам з суседкай. Летам многім дапамагаюць унукі.

— Асабіста я люблю той перыяд, калі касцёл патанае ў лілеях, — дзялілася Раіса Казаровец. — Жанчыны прыкладваюць шмат намаганняў, каб ля святога месца было прыгожа. Іх тут можна сустрэць і раненька, і позна вечарам. Асабліва шчыруюць у спякотныя дні: шчодра пояць раслінкі, каб не загінулі ад гарачыні. Затое як прыемна і самім любавацца гэтай добраўпарадкаванасцю, і бачыць маладажонаў, якія ладзяць тут фотасесіі! Каля касцёла гуляюць мамы з малымі дзеткамі. Кветкі — знак праслаўлення Бога. Шмат іх парафіяне вырошчваюць і ў сваіх агародчыках, а потым прыносяць у касцёл для аздаблення алтара. Цудоўныя кветкавыя кампазіцыі складае сястра законная Таццяна.

Прихожанки костёла Святого Михаила Архангела в Воропаево благоустроили территорию возле храма

Прагулялася вакол варапаеўскага касцёла. Дагледжаная тэрыторыя нагадала мне Мосар. Затрымалася ля фігуры Маці Божай, адтуль прайшлася да штучнага вадаёмчыка з прыгожымі лілеямі, прысела на лавачцы ў цяньку, пастаяла на мастку з ажурнымі парэнчамі. Тут вельмі ўтульна. Прыгажосць, якую стварыў Бог і прымножыла нястомная рука чалавека, на нейкі час адцягнула мяне ад штодзённых клопатаў, напоўніла сэрца спакоем.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.