Не варта хвалявацца
Колькі часу таму ў інтэрнэце з’явілася відэа пра тое, што шэраг беларускіх банкаў, сярод якіх называюцца Беларусбанк і Белаграпрамбанк, увёў абмежаванне на зняцце з карт наяўных грошай — не больш за 500 рублёў на тыдзень, а таксама камісію ў памеры 15% ад знятай сумы. Ролік паглядзелі тысячы людзей, у тым ліку і пастаўчане. Многія з іх актыўна абмяркоўваюць навіну, якая аказалася праўдзівай толькі часткова.
Сапраўды, 2 месяцы назад ААТ «Белаграпрамбанк» і «ААБ Беларусбанк» устанавілі абмежаванне і камісію пры правядзенні аперацый у банкаматах і касах па картах плацежных сістэм «Мир», VISA, MasterCard і UnionPay, эмітаваных (выпушчаных) замежнымі банкамі, пра што праінфармавалі кліентаў на сваіх сайтах. Зараз іх трымальнікі — а гэта ў асноўным замежныя грамадзяне — могуць зняць у банкаматах Беларусбанка на працягу тыдня не больш за 500 беларускіх рублёў. Пры зняцці наяўных грашовых сродкаў у касах названага банка ліміту па суме няма, але бярэцца 15-працэнтная камісія. Акрамя таго, як у касах, так і ў банкаматах, банкам, які выпусціў картку, спісваецца камісія. Па картах плацежных сістэм VISA, MasterCard і «Белкарт», выпушчаных беларускімі банкамі, абмежаванняў на зняцце грошай і камісіі няма ні ў Беларусбанку, ні ў Белаграпрамбанку. Таму пастаўчанам, якія з’яўляюцца трымальнікамі айчынных карт, хвалявацца не варта.
Алена Шапавалава