Позитивная и хозяйственная Мария Каштальян создала цветочный рай возле своего дома

Общество

Пазітыўная ва ўсім

У гэты ўтульны куток за чыгуначным пераездам па дарозе на Хацілы я трапіла выпадкова: захацелася паглядзець, куды вядзе нешырокая сцежка. Праз некалькі метраў перада мной адкрылася маляўнічае месца і двухпавярховы дом, па ўсім бачна, пабудаваны шмат гадоў назад. Навокал — акуратна скошаная тэрыторыя, мноства рознакаляровых флёксаў, раскашуе белая гартэнзія, у арыгінальных гаршочках з дрэва добра адчуваюць сябе петуніі, палымнеюць ад чырвоных буйных ягад кусты парэчак, а паветра напоўнена водарам яблыкаў. Насустрач выйшла гаспадыня.

— Маша Каштальян, — прадставілася. — Не дзівіцеся, што без імя па бацьку. Я прывыкла, што для ўсіх знаёмых я  проста Маша.

Прысаджваемся на зручную лавачку ў двары і заводзім гутарку. Марыя Яўстаф’еўна сёлета адзначыла 80-годдзе, але выглядае значна маладзейшай. Ва ўспамінах вяртаецца ў далёкае мінулае. Нарадзілася яна ў Літве, куды ў свой час з Апідамаў выехалі бацькі. Закончыла культ­асветвучылішча, працавала ў Швянчонскім Доме культуры. З будучым мужам пазнаёмілася ў Апідамах, куды традыцыйна на Тройцу з’язджаліся ўсе, хто родам адтуль.

Позитивная и хозяйственная Мария Каштальян создала цветочный рай возле своего дома

Муж Марыі быў надзвычай добрым чалавекам. Працаваў на чыгунцы. Маладыя пасяліліся на станцыі Ольша (такая была паміж Паставамі і Ярэвам). Марыя ўладкавалася ў воінскую часць. Камандаванне хутка разгледзела ў маладой работніцы адказнасць, добрасумленнасць і даручыла ёй працаваць з сакрэтнымі дакументамі. Калі часць расфарміравалі, па рэкамендацыі мужа яе прынялі на чыгуначную станцыю Паставы прыёмшчыцай.

Гады праляцелі хутка. Жанчына даўно ўжо на заслужаным адпачынку, але не парывае сувязей з калегамі-чыгуначнікамі. Часта перазвоньваюцца, нярэдка яны наведваюцца да Марыі Яўстаф’еўны. Паважаюць яе за шчырасць, гасціннасць, мудрасць.

Марыя Каштальян вельмі лю­біць кветкі. Іх тут розных сартоў, і гэта робіць панадворак адметным. Па выніках агляду вясковых падвор’яў Ярэўскага сельсавета, дом Марыі Яўстаф’еўны прызнаны домам узорнага парадку, пра што сведчыць шыльда на сцяне. Хваліў пенсіянерку і старшыня сельскага Савета Павел Скрыдлеўскі.

— Сюды пераехала 11 гадоў назад, пасля смерці мужа, — расказвала гаспадыня. — Тады тут жыло некалькі чалавек. Цяпер засталіся мы з сынам. Да горада блізка, па пакупкі езджу на веласіпедзе. Дачка і старэйшая ўнучка жывуць у Віцебску, а малодшая — у Санкт-Пецярбургу. Ранейшыя гаспадары кватэр гэтага дома памерлі, а іх дзеці выкупілі жыллё і прыязджаюць сюды як на курорт. Іх прывабліваюць чыстае паветра, возера, якое зусім побач. Падымаюць настрой яркія фарбы кветак.

А мне зарад станоўчай энергіі падарыла гаспадыня.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.