За 5 крокаў да фінішу
Пасля гульняў розыгрышу Кубка вобласці нашы футбалісты атрымалі кароткі адпачынак. Для шэрага іншых каманд віцебскага дывізіёна, у прыватнасці для міёрцаў, маладых аршанцаў і віцебскага «Газавіка», выхадныя выдаліся напружанымі: кожная з іх згуляла двойчы за суткі.
20 жніўня ў абласным цэнтры ва ўпартай барацьбе прайшлі паядынкі 1/2 фіналу кубкавага турніру. Там ФК «Міёры» страціў ганаровы трафей. У матчы з ім дзеючы чэмпіён — мясцовы «Газавік» — правёў гол (1:0) са становішча «па-за гульнёй». Віцябчане трапілі ў фінал. Восенню яны згуляюць у рашаючым матчы з «Дарожнікам» (Орша), які напярэдадні па серыі пенальці перамог у 1/4 фіналу ФСК «Паставы». У Барані аршанцы з лікам 2:0 перайгралі сваіх землякоў — «ДЮСШ-Орша». Новы ўладальнік Кубка Віцебскай вобласці ў кастрычніку пазмагаецца за Кубак рэгіёнаў Беларусі, а найлепшы беларускі клуб згуляе затым у падобным еўрапейскім турніры пад эгідай UEFA.
21 жніўня прайшлі матчы чэмпіянату каманд 2-й лігі, перанесеныя з 3-га тура. Наш наступны сапернік — «Полацк-2019» — дома згуляў унічыю (3:3) з камандай Гарадка. ФК «Міёры» на сваім полі абыграў (4:1) маладых аршанцаў. У Віцебску мясцовы «Газавік» з цяжкасцю дабіўся перамогі (1:0) над талачынскай «Нівай».
Да заканчэння папярэдняга раўнда камандам-удзельніцам засталося правесці па 5 матчаў. На дадзены момант турнірная табліца выглядае так: 1-е месца — «Велес-2020» (36 ачкоў), 2-е — «Газавік» (32), 3-е — ФК «Міёры» (29), 4-е — «Гарадскія львы» (26), 5-е — «ДЮСШ-Орша» (15), 6-е — ФСК «Паставы» (15), 7-е — «Полацк-2019» (13), 8-е — ФК «Лепель» (10), 9-е — ФК «Сянно» (5), 10-е — Ніва» (4).
У наступным туры паміж сабой згуляюць 2 віцебскія каманды, а міёрцы — на выездзе ў Гарадку. Пастаўчан 28 жніўня чакае няпростая сустрэча ў Полацку. Праз тыдзень яны пазмагаюцца ў родных сценах з ФК «Міёры».
Уладзимир Шык. Фота Антона Чаляя