Цвітуць у полі «сонцы»
І яны прыцягваюць увагу кожнага, хто праязджае па дарозе з Пастаў на Лучай
А многія пастаўчане і ўвогуле спецыяльна едуць туды па яркія фатаграфіі і такі ж настрой. Пра гэта мне апошнія некалькі тыдняў расказвае Instagram. Толькі адкрыю стужку гэтай сацыяльнай сеткі — абавязкова ў ёй лучайскія сланечнікі. Яны «пазіруюць» і з дарослымі, і з дзецьмі, красуюцца на фоне блакітнага неба і ў заходніх чырвоных промнях сонца, «заглядаюць» у аб’ектывы камер як мабільных тэлефонаў, так і прафесійнай фотатэхнікі. І заварожваюць усіх сваёй сціплай вясковай прыгажосцю.
Сланечнікавая «фотазона» раскінулася ажно на 35 гектарах. Павышаную ўвагу да яе можна патлумачыць тым, што ў раёне такога вялікага поля з гэтай раслінай даўно (а можа, і ніколі) не было. Гэта сёлета ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» вырашылі правесці эксперымент: паглядзець, як культура будзе расці ў нашых кліматычных умовах. Калі сланечнікам хопіць сонца і цяпла і насенне выспее, то ў гаспадарцы змогуць вырабляць алей. Рапсавы алей, нагадаю, там ужо выпускаецца.
Няма сумненняў, што ў найбліжэйшы час поле па-ранейшаму будзе месцам масавага «паломніцтва» аматараў прыгожых фотаздымкаў. Супраць іх у гаспадарцы нічога не маюць, але пры ўмове, што сонечныя кветкі не будуць таптаць і зрываць. Хіба гэта так складана — цаніць працу іншых?
Іна Сняжкова
Фота Сяргея Вшыўкава і Наталлі Налей