Падзякавалі ў полі
Стымуляваць работнікаў сельскай гаспадаркі да дасягнення больш высокіх вынікаў імкнецца абласны камітэт прафсаюза работнікаў АПК. У чацвер падтрымаць удзельнікаў жніва нашага раёна і падзякаваць ім за нялёгкую працу прыехала абласны прафсаюзны лідар Таццяна Ярома.
— Ёсць нямала гаспадарак, дзе ўраджайнасць значна ніжэйшая, чым у перадавых, а людзі шчыруюць у полі аднолькава, — гаварыла Таццяна Анатольеўна. — Таму было вырашана заахвоціць і тых камбайнераў, у якіх намалоты не самыя высокія, але хто вызначаецца на жніве.
Першае на маршруце — ААТ «Камайскі-агра». Едзем ажно за Гейбавічы. Там некалькі камбайнаў убіраюць пшаніцу. Дыплом, падарунак і грашовую прэмію атрымаў Вадзім Дуброўскі.
У ААТ «Ярэва-агра» на ўборцы збожжавых працуюць 4 камбайнеры. Самы вопытны — Алег Нагановіч. Сонечнае надвор’е стымулюе да працы, і нельга губляць ні хвіліны. Таму старшыня абласнога камітэта прафсаюза хуценька ўручыла ўзнагароды — і механізатар заспяшаўся на сваё рабочае месца.
У Кураполлі ў той дзень жніво вялося на землях, перададзеных гаспадарцы з Браслаўскага раёна. Але ехаць туды не давялося: камбайнер Валерый Баравік, якому прызначаліся падарункі, быў у майстэрнях.
— Зламаўся Георгіевіч! — патлумачыў кіраўнік гаспадаркі Васілій Касцень. — Можа, ваш візіт падыме яму настрой. Няспраўнасць павінны ўхіліць хутка. Запчасткі да тэхнікі беларускай вытворчасці — у наяўнасці: заказалі і хутка атрымалі. Але час, на жаль, упушчаны. Валерый Баравік — механізатар вопытны і безадмоўны. Шчыруе на любой рабоце, якую даручаем.
Таццяна Ярома дзякавала кожнаму, цікавілася зарплатай, умовамі працы. Нараканняў ні ў кога не было — настрой у людзей баявы.
Анна Анішкевіч