Паглыбілі веды
На мінулым тыдні ў Паставах абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў правяла семінар. Яго мэта — павышэнне прафесіяналізму і кампетэнтнасці старшынь прафкамітэтаў адпаведнай раённай арганізацыі, казначэяў, грамадскіх інспектараў па ахове працы.
Правялі вучобу старшыня абласной арганізацыі Алена Няфёдава, галоўны бухгалтар Марына Гараднічая і тэхнічны інспектар па ахове працы Яўгеній Карнілаў. У праграму ўключаліся актуальныя пытанні, якія датычаць дзейнасці пярвічных прафарганізацый. Увага была акцэнтавана на калектыўна-дагаворнае рэгуляванне, вядзенне справаводства, фінансава-гаспадарчую дзейнасць, выкананне статутных патрабаванняў і тэхнікі бяспекі працы, зацвярджэнне сметы даходаў і расходаў, выкарыстанне прафбюджэта, работу рэвізійных камісій.
— Практыка паказвае, што адной з найважнейшых умоў паспяховай дзейнасці пярвічак з’яўляецца кампетэнтнасць іх старшынь, грамадскіх інспектараў па ахове працы, — гаварыла старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Марыя Ракоўская. — Спецыяльных навучальных устаноў для іх вучобы пакуль няма. Таму вельмі добра, што наша абласная арганізацыя ладзіць такія карысныя семінары, прычым з выездам спецыялістаў на месца.
Падчас заняткаў слухачы паглыбілі свае веды, а таксама задавалі пытанні, якія часта ўзнікаюць у працэсе іх работы. Была магчымасць атрымаць індывідуальныя кансультацыі.
Затым прадстаўнікі абласной арганізацыі пабывалі ў кожнай з 16 пярвічак і праманіторылі іх работу, далі рэкамендацыі. А ўвогуле работа раённай арганізацыі атрымала высокую ацэнку.
Анна Анішкевіч