Актуальных пытанняў шмат
На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне прэзідыума савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. На парадак дня былі вынесены актуальныя пытанні: аб рэалізацыі рашэнняў VI Пленума Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі; аб дапамозе прафсаюзных арганізацый у падрыхтоўцы да школы. Падведзены вынікі работы рэйдавай групы тэхнічных інспектараў ФПБ па ахове працы ў арганізацыях раёна.
Члены прэзідыума і запрошаныя на яго сабраліся ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. І невыпадкова. Прафарганізацыя ТЦСАН па выніках работы за мінулы год прызнана адной з найлепшых сярод прафсаюзных арганізацый раёна.
Пра задачы, пастаўленыя рашэннямі VI Пленума Савета ФПБ, асноўныя падыходы да іх рашэння праінфармавала старшыня раённага аб’яднання Іна Далецкая.
— Як было падкрэслена на пленуме, сёння мы перажываем няпросты час, — гаварыла Іна Аляксееўна. — У сувязі з санкцыямі ў складаным становішчы апынуліся многія прадпрыемствы і арганізацыі кріны. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі заклікана абараняць інтарэсы грамадзян, і найважнейшая задача — захаваць працоўныя калектывы, стварыць у іх спрыяльны маральна-псіхалагічны клімат. У сувязі з гэтым узрастае месца і роля прафкамітэтаў у дзейнасці калектываў. Невыпадкова кіраўнік дзяржавы патрабуе стварэння прафарганізацый на кожным прадпрыемстве незалежна ад формы ўласнасці.
На прэзідыуме шмат увагі было ўдзелена калектыўным дагаворам, вядзенню прававой работы ў арганізацыях, захаванню працоўнай дысцыпліны. З гэтай мэтай старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў і грамадскі інспектар па ахове працы рэгулярна наведваюць калектывы Пастаўшчыны, трымаюць на кантролі пытанні аховы працы. Нядаўна такі маніторынг правялі члены рэйдавай групы ФПБ. Яны выдалі 4 рэкамендацыі на ўхіленне выяўленых недахопаў.
З пачатку года на прафсаюзных прыёмах у прававых інспектараў ФПБ пабывала 19 чалавек. Іх цікавілі пытанні заключэння і скасавання працоўных дагавораў, кантрактаў, атрымання права на сацыяльны і працоўны адпачынак, жыллёвага заканадаўства, рэгулявання рэжыму працы.
Пра кірункі дзейнасці ТЦСАН прысутным расказала намеснік дырэктара цэнтра Вольга Антух. Старшыня пярвічкі Ганна Хромчанка праінфармавала пра работу прафарганізацыі, загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Таццяна Лемянкова — пра аказанне дапамогі мнагадзетным сем’ям пры падрыхтоўцы да школы.
На завяршэнне старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая заклікала прафсаюзных лідараў актыўна ўключыцца ў дабрачынную акцыю «Прафсаюзы — дзецям». Па выніках пасяджэння прыняты адпаведныя пастановы.
Анна Анішкевіч