Молодые и трудолюбивые. Семья Ивана и Ольги Дидевич из аг. Новосёлки

Общество

Маладыя, працавітыя

Так ахарактарызаваў сям’ю Дзідзевіч дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык.

Іван і Оля родам з Браслаўскага раёна. Пажаніліся, калі ёй было 18 гадоў, яму — 20. З першага дня вырашылі не разлічваць на чыюсьці дапамогу — толькі на свае сілы. Але да парад маці, братоў і сясцёр прыслухоўваюцца.

Абое працавалі на сельгаспрадпрыемстве «Маяк Брас­лаўскі». Жылі ў вёсцы, дзе няма нават магазіна, а да школы ў Опсе — 7 кіламетраў. Непакоіліся за дачушак: ім трэба было рана ўставаць, каб не спазніцца на заняткі. Пакупкі сям’я старалася планаваць загадзя, бо за некалькі кіламетраў па іх часта не наездзішся.

Молодые и трудолюбивые. Семья Ивана и Ольги Дидевич из аг. Новосёлки

Першым у Навасёлкі перабраўся брат Олі — Валера Секан. Абжыўся і стаў угавор­ваць сясцёр. Старэйшая, Алёна, рашылася на пераезд хутчэй, за ёй — і Оля з Іванам.

Вольгу Дзідзевіч прынялі аператарам машыннага даення на ферму ў Навасёлкі, за Іванам замацавалі трактар. Дзяўчынкі на новым месцы хутка асвоіліся і знайшлі сабе сяброў. Насця пойдзе ў 7 клас, Ульяна — у 3-ці. Спачатку Дзідзевічы здымалі жыллё, але іх гэта не засмучала: зарплаты атрымліваюць добрыя. Неймаверна абрадаваліся, калі атрымалі ключы ад 3-пакаёвай кватэры ў новым доме ў Навасёлках. Засяліліся ў яе нядаўна.

— Радасць перапаўняе і нас з Ванем, і дачушак! — не стрымлівала станоўчых эмоцый Вольга. — Навасёлкі палюбілі: на месцы паліклініка, некалькі магазінаў, побач школа. На работу езджу на машыне. Вадзіцельскія правы атрымала даўно, і гэта вельмі зручна. Добра, што прыслухаліся да парады старэйшага брата і прыехалі сюды. Тут вельмі ўважлівы дырэктар Юрый Францішкавіч Шымчык. Пры сустрэчы не праміне пацікавіцца справамі не толькі на рабоце, але і дома. А нас задавальняе ўсё. На ферме малады і дружны калектыў. Кіруе ім цудоўная жанчына Вікторыя Вартазаран. Разам са мной працуюць сястра Алёна (яна заатэхнік), брат, яго жонка. У радні — наша сіла. Гэта так здорава, калі родны чалавек побач, гатовы прыйсці на дамапогу ў любы час, даць параду!

За мінулы год Вольга Дзі­дзевіч ад кожнай замацаванай за ёй каровы надаіла 6 869 кілаграмаў малака, яе прозвішча значыцца ў ліку пераможцаў раённага спаборніцтва. Іван у гэтыя дні заняты на пагрузцы рулонаў сена і саломы. І так хораша ім, вярнуўшыся з работы, адпачыць у новай кватэры!

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.