Знак высокага даверу
У чацвер Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер. Сярод адзначаных медалём «За працоўныя заслугі» — сырароб-майстар малочнага завода Ніна Барсук і дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык.
Ніна Барсук: «Уручэнне медаля — памятны момант. У Палацы Рэспублікі пабывала ўпершыню. Унікальнае збудаванне! Засталася пад уражаннем. Атрымліваць любую ўзнагароду — заўсёды хвалююча, а такога ўзроўню — тым больш.
Калі мне паведамілі, што згодна з Указам Прэзідэнта краіны я ўдастоена медаля «За працоўныя заслугі», была здзіўленая. На прадпрыемстве шмат старанных людзей, якія заслугоўваюць пашаны. Таму ўзнагароду раздзяляю са сваімі калегамі, побач з кім шмат гадоў працую. Гэта Людміла Крываклякіна, Валянцін Дубовік, Ганна Шлапо, Валерый Пякарскі, Уладзімір Смільгін, Аляксандр Шырневіч, Рэгіна Дзярвягіна і іншыя.
У тым, што прадукцыя гандлёвай маркі «Паставы-гарадок» вядомая не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, вялікая заслуга кіраўніцтва прадпрыемства. У нас сучаснае абсталяванне, таму і якасная прадукцыя, якая карыстаецца попытам. Мая брыгада займаецца нарэзкай сыру, прадукцыйнасць складае да 120 рэзаў за хвіліну, на лініі слайсернай нарэзкі — да 40. Гатовы сыр запакоўваем у скрыні і адпраўляем у кропкі рэалізацыі».
Юрый Шымчык: «Сярод прысутных у Палацы Рэспублікі былі вучоныя, настаўнікі, спартсмены, артысты. Быць сярод іх — прэстыжна. Любая ўзнагарода ўручаецца за высокія дасягненні. І тое, чаго дабілася наша сельгаспрадпрыемства, — заслуга ўсяго калектыву: спецыялістаў, жывёлаводаў, механізатараў, будаўнікоў і г. д.
Цяпер у хлебаробаў гарачая пара — жніво. Першым мы ўбралі азімы ячмень, які займаў крыху больш за 60 гектараў. З кожнага намалацілі ў сярэднім 42 цэнтнеры. На некаторых участках ураджайнасць перавысіла 50 ц/га.
На 400 гектарах вырошчвалі азімы рапс. Яго зерне ўжо даведзена да парадку. Ураджайнасць склала 31,7 цэнтнера з гектара. Зерневыя і зернебабовыя трэба ўбраць на плошчы большай за 3 000 гектараў. На парадку дня — азімая пшаніца.
Шчыруюць камбайнеры, вадзіцелі. У любой справе чалавечы фактар — аснова поспеху. Якім бы сучасным ні быў машынна-трактарны парк ці жывёлагадоўчая ферма, рукі чалавека — галоўнае. Заўсёды падтрымліваю чалавека працы, ветэранаў і дапамагаю, чым магу. А людзі ў знак удзячнасці памнажаюць дасягненні гаспадаркі. Дзякуй ім за гэта».
Запісала Анна Анішкевіч
Фота даслаў Юрый Шымчык